Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2016, 15:20

Шматфункцыянальны цэнтр у музеі-сядзібе Ільі Рэпіна плануецца пабудаваць за кошт саюзнага бюджэту

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шматфункцыянальны цэнтр у музеі-сядзібе Ільі Рэпіна "Здраўнёва" пад Віцебскам плануецца пабудаваць за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы, паведаміў сёння журналістам міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік ведамства растлумачыў, што такая дамоўленасць была дасягнута ў час перагавораў з міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім і дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам на палях XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пры гэтым Барыс Святлоў пакуль не стаў раскрываць падрабязнасці праекта.

Ён дадаў, што было вырашана і тое, што Уладзімір Мядзінскі прыедзе ў Мінск на чарговы кінафестываль "Лістапад", які пройдзе 4-11 лістапада. Яго адкрыццё і закрыццё адбудуцца ў кінатэатры "Масква". Барыс Святлоў растлумачыў: "Мядзінскі прыедзе не проста як глядач, але з расійскімі кінематаграфістамі. Яны паглядзяць на базу кінастудыі "Беларусьфільм", а ў снежні ў Санкт-Пецярбургу мы правядзём сумеснае пасяджэнне калегіі міністэрстваў культуры, якраз прысвечанае пытанням кінематаграфіі і сумеснай вытворчасці фільмаў".

Акрамя таго, міністры абмяркоўвалі ў Віцебску магчымасць сумеснай рэстаўрацыі аднаго з аб'ектаў архітэктурнай спадчыны, шляхі вырашэння праблем у гэтай сферы, якія ёсць у Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі