Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 лістапада 2017, 12:35

Самая вялікая ў Беларусі калекцыя ёлачных упрыгажэнняў будзе прадстаўлена на выстаўцы ў Гомелі

21 лістапада, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Самая вялікая ў Беларусі калекцыя ёлачных упрыгажэнняў будзе прадстаўлена на выстаўцы "Музей ёлачных цацак", якая адкрываецца 24 лістапада ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, паведаміла БЕЛТА дырэктар музея дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" Аксана Торапава.

Уладальнік калекцыі Андрэй Бягун пабываў у 52 краінах свету. З кожнага падарожжа ён стараўся прывозіць цацку, якая выкарыстоўвалася ў канкрэтнай краіне для ўпрыгажэння дрэў-сімвалаў навагодніх і калядных свят. Гэтыя рарытэты калекцыянер купляў у магазінах, але часцей у антыкварных крамах і на так званых "блышыных рынках".

У яго зборы некалькі тысяч ёлачных упрыгажэнняў. Паводле ацэнак экспертаў, поўны кошт калекцыі $800 тыс., прычым цана самага дарагога экспаната складае каля $7 тыс. "У музеі будзе выстаўлена частка з іх, але, думаю, гэтага дастаткова, каб атрымаць эстэтычнае задавальненне ад сузірання цацак, у якіх адлюстраваны калядная мода розных краін свету", - адзначыла Аксана Торапава.

Казачная навагодняя феерыя разгорнецца ў трох залах цэнтральнай часткі палацавага ансамбля і зойме практычна палавіну другога паверха будынка. Таксама наведвальнікаў чакае экскурс у гісторыю навагодніх упрыгажэнняў, сакрэты іх стварэння, асаблівасці святкавання Каляд і Новага года ў розных кутках свету, пошта Дзеда Мароза.

Непасрэдна на выстаўцы можна будзе набыць цацкі на ёлку, а знатакі эксклюзіўных варыянтаў змогуць прыняць удзел у майстар-класах па роспісе ёлачных упрыгажэнняў.

Кошт наведвання выстаўкі: Br6 (дарослы білет), Br4 (ільготны білет, групавы білет для груп ад 10 чалавек).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі