Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 лістапада 2017, 15:16

Рэдкія дакументы прадстаўлены на выстаўцы "1917. Код рэвалюцыі" ў Брэсце

1 лістапада, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. У Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Брэсце адкрылася выстаўка "1917. Код рэвалюцыі", прысвечаная 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар цэнтра, кіраўнік аддзялення прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва Алена Маслава.

Экспазіцыя падрыхтавана Дзяржаўным цэнтральным музеем сучаснай гісторыі Расіі сумесна з Расійскім гістарычным таварыствам і фондам "Гісторыя Айчыны". На 38 планшэтах размешчана больш за 80 розных матэрыялаў. Гэта копіі рэдкіх архіўных дакументаў, фатаграфіі, рысункі, плакаты, каментарыі гісторыкаў і відавочцаў адной з найвялікшых падзей ХХ стагоддзя. Матэрыялы ахопліваюць перыяд ад руска-японскай вайны да заключэння Брэсцкага міру ў сакавіку 1918 года.

Многія экспанаты прадстаўлены ўпершыню. Так, наведвальнікі выстаўкі могуць азнаёміцца з Маніфестам аб адрачэнні імператара Мікалая II ад прастола, Зваротам ЦК РСДРП да насельніцтва Петраграда, загадам генерала Карнілава арміям Паўднёва-Заходняга фронту. На стэндах можна знайсці радыёграму з Петраграда ад 26 кастрычніка (па старым стылі) 1917 года аб перамозе рэвалюцыі - лістоўка называецца "Перамога рэвалюцыйных войскаў. З Царскага Сяла". Прадстаўлена пісьмо Якава Юроўскага аб перадачы Музею рэвалюцыі двух рэвальвераў, з якіх "зроблены расстрэл членаў царскай сям'і і чэлядзі".

"Спадзяёмся, што матэрыялы выстаўкі дапамогуць наведвальнікам разабрацца ў такой складанай гістарычнай падзеі, да якой заўсёды было неадназначнае стаўленне ў грамадстве. Стагоддзе рэвалюцыі - падстава, калі гэта падзея чарговы раз пераацэньваецца. Важна з гэтага атрымаць урок і прыйсці да прымірэння ў грамадстве", - сказала Алена Маслава. Яна дадала, што 10 лістапада ў РЦНК адбудзецца круглы стол на тэму "100 гадоў рэвалюцыі 1917 года. Выпрабаванне часам" з удзелам гісторыкаў, палітолагаў, прадстаўнікоў КПБ і грамадскасці.

Выстаўка "1917. Код рэвалюцыі" будзе дэманстравацца да канца лістапада, наведаць яе можа любы жадаючы. Затым экспазіцыя адправіцца ў Гродна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі