20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прычына цечы ў крыпце князёў Радзівілаў у Нясвіжы ліквідавана, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Наталля Хвір.
Як паведамлялася раней, у Нясвіжскім фарным касцёле Божага Цела падтапіла падземны радавы магільны склеп князёў Радзівілаў. Камісія, у складзе якой рэстаўратары, вывучыла сітуацыю на месцы. Яны выявілі, што вада паступае не цераз сцены крыпты, а з-пад падлогі, адбылося затапленне з водаправоднага калодзежа. Пасля адпампоўкі вады з калодзежа спецыялісты знайшлі цечу ў засаўкі, якая трэснула. З-за запаўнення калодзежа і парушэння герметычнасці паміж водаправоднай трубой і гільзай вада ўздоўж трубы трапляла пад фундамент і ў пясчаную засыпку падлогі крыпты.
Супрацоўнікі МНС адпампавалі ваду з водаправоднага калодзежа, затым была заменена пашкоджаная засаўка, адноўлена герметычнасць паміж водаправоднай трубой і гільзай у калодзежы. Цяпер вядзецца назіранне за змяненнем узроўню вады ў замкавай сажалцы для рэгулявання ўзроўню грунтавых вод на тэрыторыі касцёла Божага Цела.
Камісія дала даручэнне "Белрэстаўрацыі" і ўпраўленню капітальнага будаўніцтва Нясвіжскага райвыканкама ў адпаведнасці з рэкамендацыямі па рэканструкцыі запраектаваць і выканаць дрэнаж у крыпце на працягу года.
Касцёл Божага Цела (Фарны) у Нясвіжы - архітэктурны помнік ранняга барока, першы барочны храм, а таксама першы езуіцкі касцёл на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, радавы магільны склеп князёў Радзівілаў. Храм пабудаваны італьянскім архітэктарам Джавані Бернардоні ў 1584-1593 гадах. Ён уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цяпер касцёл знаходзіцца на рэстаўрацыі.-0-