19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Папулярызацыі беларускай мовы ў Год культуры будзе ўдзелена асаблівая ўвага, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Людміла Лебедзь сёння на прэс-канферэнцыі "Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Людміла Лебедзь адзначыла, што адзін з раздзелаў плана мерапрыемстваў Года культуры ў Беларусі датычыцца пашырэння выкарыстання беларускай мовы. Першым пунктам у гэтым раздзеле стала правядзенне акцыі "Беларусь, я люблю цябе".
Важным мерапрыемствам па папулярызацыі беларускай мовы традыцыйна стане і Дзень беларускага пісьменства, які ў бягучым годзе пройдзе ў Рагачове.
На думку Людмілы Лебедзь, трэба прытрымлівацца літаратурных норм, аднак важна захаваць і дыялекты як паказчык разнастайнасці нацыянальнай мовы. Папулярызацыі дыялектных гаворак, у прыватнасці, садзейнічае шэраг фестываляў, што праводзяцца на Палессі.-0-