Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 жніўня 2016, 10:46

Палескі драмтэатр адкрые новы сезон спектаклем "Раскіданае гняздо"

2 жніўня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. У Год культуры Палескі драматычны тэатр адкрые новы сезон спектаклем "Раскіданае гняздо", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар, мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка.

Чарговы, 11-ы па ліку, тэатральны сезон стартуе ў Пінску 14 жніўня. Адкрые яго спектакль паводле п'есы Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". На сцэне тэатра гледачы ўбачаць драму ў двух дзеяннях на беларускай мове. Сваё аўтарскае бачанне класічнага твора пінчанам прадставіць рэжысёр Павел Марыніч. У пастаноўцы будуць задзейнічаны вопытныя і маладыя артысты. "Спектакль атрымаўся сур'ёзным. Спадзяёмся, што ён зойме дастойную нішу ў рэпертуары нашага тэатра. Цяпер беларуская драматургія актуальна. І што немалаважна: на сцэне мы ставім твор са школьнай праграмы", - падкрэсліў дырэктар.

У бліжэйшы час пінчане пачнуць рэпетыцыі яшчэ двух новых спектакляў. Так, ужо ў верасні чакаецца прэм'ера мюзікла для дзяцей "Чараўнік Ізумруднага горада". Над казкай працуе Павел Марыніч. У кастрычніку рэжысёр Алена Гаўрыловіч прадставіць публіцы камедыю па творы Сцяпана Лабазёрава.

Таксама з 19 па 28 верасня ў Пінску пройдзе культурная акцыя "Палескі драмтэатр запрашае сяброў". Яна стане пробным крокам для правядзення ў далейшым у горадзе фестывалю малых тэатраў. Свой удзел у мерапрыемстве пакуль пацвердзілі тры калектывы. У прыватнасці, трупа Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі плануе паказаць фольк-оперу "Адвечная песня" Янкі Купалы. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна Марцінкевіча прывязе спектакль "Прымадонны" Кена Людвіга. Акрамя таго, паклоннікі тэатральнага мастацтва ўбачаць антрэпрызу "Незамужняя жанчына" ў выкананні вядомых расійскіх акцёраў, у ліку якіх Раіса Разанава і Анатоль Кашчэеў.

Восенню творчы калектыў Палескага тэатра не толькі будзе сустракаць гасцей, але і сам адправіцца на гастролі па гарадах Беларусі. Пінскія артысты выступяць у Баранавічах, Салігорску, Мінску і, магчыма, Бабруйску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі