Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 мая 2018, 16:57

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні пройдзе 8 чэрвеня

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні пройдзе 8 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.

Гэты конкурс - цэнтральная падзея XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", які прадоўжыцца на працягу двух дзён 8-9 чэрвеня. Творчае спаборніцтва адбудзецца на пляцоўцы Палаца культуры горада, а цырымонія ўзнагароджання пераможцаў - на сцэне амфітэатра ў час урачыстага адкрыцця фестывалю. Уладальніку Гран-пры будзе ўручаны прыз імя Уладзіміра Мулявіна.

У заключным этапе конкурсу прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх абласцей і горада Мінска. За Гран-пры будуць змагацца 20 артыстаў. Згодна з патрабаваннямі конкурснай праграмы ўдзельнікі выканаюць два творы беларускіх аўтараў на нацыянальнай мове (адзін з іх - пад фанаграму "мінус 1", другі - у суправаджэнні аркестра).

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні садзейнічае выяўленню і развіццю маладых талентаў у галіне эстраднага выканальніцтва на лепшых узорах нацыянальнага музычнага мастацтва, павышэнню ўзроўню сцэнічнай культуры выканаўцаў і тым самым выконвае ганаровую місію папулярызацыі творчасці сучасных беларускіх паэтаў, кампазітараў і эстрадных артыстаў.

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" праводзіцца па распараджэнні кіраўніка дзяржавы з 1993 года. Па ініцыятыве Мінскага аблвыканкама з 2012 года фестываль стаў штогадовым. На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання развівае і прымнажае добрыя традыцыі па папулярызацыі беларускай (айчыннай) паэзіі і музычнага мастацтва, а таксама вызначаецца як самае маштабнае нацыянальнае свята беларускага слова і песні.

Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам, заслужаны калектыў Беларусі "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі", Белтэлерадыёкампанія, Палац культуры Маладзечна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі