Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 жніўня 2017, 18:21

Мінск 1930-1960 гадоў прадстаўлены на фотавыстаўцы ў НММ

14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фатаграфіі Мінска 1930-1960 гадоў прадстаўлены на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Выстаўка да 950-годдзя Мінска дэманструе невялікую частку арыгінальных фатаграфій і фотакопій з музейнага збору - 32 фатаграфіі. У архіве Нацыянальнага мастацкага музея іх больш за 200. Яны датуюцца 1930-1960 гадамі - часам актыўнага будаўніцтва і аднаўлення Мінска - і належаць двум вядомым беларускім мастакам - керамісту Мікалаю Міхалапу (1885-1979) і вядомаму графіку Анатолю Тычыне (1897-1986).

Многія з гэтых фатаграфій ніколі не публікаваліся. Здымкі трапілі ў архіў музея пасля смерці мастакоў з іх сямейных фотаматэрыялаў і не прэтэндуюць на высокі прафесіяналізм фатаграфій, якія перадаюць завершаны вобраз горада. У абодвух выпадках - гэта рабочы, падсобны матэрыял, які прызначаны быў зафіксаваць аб'екты, якія цікавілі мастакоў. Здымкі зроблены самым папулярным тады дальнамерным малафарматным фотаапаратам "ФЭД-1", копіяй нямецкага фотаапарата Leica II.

Мікалай Міхалап і Анатоль Тычына, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, ведалі адзін аднаго яшчэ да вайны, былі добрымі сябрамі. Мікалай Міхалап да вайны ўзначальваў Карцінную галерэю, Анатоль Тычына працаваў мастаком у Музеі рэвалюцыі. Калі пачалася вайна, Анатоль Тычына першы кінуўся дапамагаць Мікалаю Міхалапу ўпакоўваць экспанаты Карціннай галерэі. Іх аб'ядноўвалі не толькі творчыя захапленні, але любоў да Мінска. Захавалася фатаграфія 1950-х гадоў, калі абодва мастакі стаяць у роздуме на беразе паўнаводнай Свіслачы.

Мікалай Міхалап - карэнны мінчанін, сын чыгуначніка, у 1941 годзе паспеў эвакуіравацца з Мінска з сям'ёй і вярнуўся ў горад у 1944 годзе. Яго погляд на родны горад асаблівы: гэта і фіксацыя страчанага і ўцалелага, і жаданне адшукаць паэтычныя куткі знаёмага з дзяцінства зраненага Мінска, і імкненне занатаваць прыкметы новага, што з'явілася ў Мінску ў пачатку 1950-х гадоў і цяпер ужо назаўсёды знікла - гарадскія ліхтары, гіпсавыя скульптуры і дэкаратыўныя вазы на вуліцах. На яго фатаграфіях мінчане са здзіўленнем убачаць каля плошчы Перамогі гіпсавых ільвоў, а каля спуску да Свіслачы па вуліцы Карла Маркса, дзе знаходзіўся дом Мікалая Міхалапа, - цэлую серыю гіпсавых фізкультурнікаў. Фотаапарат мастака фіксуе разбураны Дамініканскі сабор і цагляную воданапорную вежу, гарадскую забудову перад Святадухавым саборам, знішчаную ў пачатку 1970 гадоў. Гэта вельмі рэдкі здымак. Быў у яго і асаблівы інтарэс да дэталей афармлення мінскіх збудаванняў: балконных рашотак, каваных варот, аконных шалёвак. Мікалай Міхалап, які працаваў пасля вяртання з эвакуацыі вучоным сакратаром архітэктурнага савета ўпраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў, атрымаў заданне распрацаваць малыя гарадскія формы - гарадскія ліхтары, фасадную ляпніну, дэкаратыўную скульптуру - і таму пільна вывучаў захаванае традыцыйнае мінскае архітэктурнае афармленне, занатаваў і новыя прыкметы.

Анатоль Тычына, які нарадзіўся ў Літве, пачаў мастацкі летапіс Мінска з 1922 года. Мастака прывабліваў горад, яго будынкі, побыт. Тычына пражыў ваенныя гады ў акупіраваным Мінску і перажыў з ім яго трагедыю - голад, галечу, страх за жыццё родных. Яго кватэра на вуліцы Талстога,8 была месцам яўкі падпольшчыкаў. На яго фатаграфіях 1950-х - і стары Мінск з амаль вясковымі вулачкамі, ахутанымі садамі, і прыкметы новага горада, што будаваўся.

Гэтыя рабочыя фатаграфіі створаны з творчай мэтай - для прадаўжэння даваеннай серыі літаграфій "Мой Мінск", якая карысталася вялікай папулярнасцю ў 1930-я гады. Самы рэдкі фотаздымак у калекцыі музея - фатаграфія афармлення калоны чыгуначнікаў першамайскага параду 1937 года ў Мінску, прысвечанага 20-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, з браняпоездам, які праходзіць па плошчы Леніна перад Домам урада.

Час ад часу ў фотатэцы абодвух мастакоў з'яўляюцца лірычныя і паэтычныя здымкі - панарама гарадскога жыцця з развешаным на вуліцы простым гардэробам мінчан, які сушыцца, рэдкія адзінкавыя прахожыя на гарадскіх вуліцах, гарадскія саборы ў руінах і пажарышчах і новы ўзводзімы будынак Палаца прафсаюзоў у рыштаванні, панарамы амаль бязлюднага горада.

Якасць друку фотаздымкаў часта нізкая, прымітыўная, памеры часта мінімальныя. Але ўсе гэтыя рабочыя здымкі вельмі добра перадаюць дух часу і атмасферу Мінска 1930-1960-х гадоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі