Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 ліпеня 2016, 15:20

"Купальская казка" ў Александрыі запрашае ў свет чараўніцтва і магіі

5 ліпеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. У свет чараўніцтва і магіі запросіць феерыя "Купальская казка" гасцей свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое пройдзе 9-10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён). Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Баброва.

Галоўныя дзеючыя асобы феерыі: чараўніца - захавальніца абрадаў, традыцый і арганізатар свята, маладая энергічная практыкантка, якая накіравана на пераддыпломную практыку па магіі і закаханы ў чараўніцу інспектар інспекцыі магічнага правапарадку. Усё дзейства пранізана гумарам і весялосцю і адбываецца, вядома, вакол гісторыі і традыцый Купалля. А сучасныя ноткі ў арганізацыю свята ўносіць практыкантка магіі з дапамогай розных музычных нумароў. Напрыклад, па ўзмаху яе чарадзейнай палачкі Георгій Калдун выканае музычную кампазіцыю з рэпертуару Валерыя Абадзінскага "Усходняя" ў суправаджэнні балета. А папулярная музычная кампазіцыя з рэпертуару Джо Дасэна "TakaTakata", перакладзеная на беларускую мову, прагучыць у выкананні народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча.

Гледачоў чакае з'яўленне фіналістак конкурсу "Міс Беларусь", якія ўручаць гасцям купальскія вянкі і сувенірныя саламяныя брошкі, гумарыстычнае дэфіле розных тыпажоў мужчын, а заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Яўген Крыжаноўскі з салістамі Магілёўскай абласной філармоніі выканае вострасацыяльныя прыпеўкі. Вядома, будзе шмат музыкі, танцаў, песень, бліскучага гумару, а чараўніцтва на сцэне дапамогуць ствараць розныя спецэфекты. Напрыклад, упершыню на сцэнічнай пляцоўцы "Купалля" будуць выкарыстоўваць пад'ёмныя ліфты, водны экран, а таксама задзейнічаюць розную піратэхніку.

Фіналам чароўнага дзейства стане выкананне артыстамі сучаснай феерыі спецыяльна напісанага музычнага твора аб папараць-кветцы, які будзе суправаджацца работай каляровых фантанаў, а на водным экране ў гэты час расцвіце магічная кветка - сімвал Купалля. Гэта стане сігналам для маштабнага святочнага феерверку.

Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую. У мінулым годзе Александрыя сабрала амаль 70 тыс. гасцей. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведаюць амаль 100 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі