Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 верасня 2016, 19:54

Коласаўскі тэатр у Віцебску будзе прыцягваць новых гледачоў мастацкімі чыткамі

15 верасня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа плануе праводзіць мастацкія чыткі з гледачамі для прыцягнення новай аўдыторыі. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю новага, 91-га сезона кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Аляксандр Замкоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым сезоне адна з нашых артыстак Ірына Цішкевіч скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці "Рэжысура" і прапанавала праводзіць мастацкія чыткі п'ес з удзелам гледачоў і далейшым абмеркаваннем. Такое практыкуецца ў Мінску. Гэта ідэя падтрымана мастацкім кіраўніком і літаратурнай часткай. Пакуль сезон толькі пачынаецца, мы пачнём больш грунтоўна працаваць над гэтай тэмай і паспрабуем яе рэалізаваць. Гэта шанц пашырыць межы тэатра", - адзначыў Аляксандр Замкоўскі.

Ён растлумачыў, што мастацкія чыткі - прамежкавы крок у стварэнні спектакля, калі артысты, хоць і чытаюць з ліста, але ў працэсе ўжо асвойваюць матэрыял. Гэтым можна не толькі прыцягнуць гледача, але і пазнаёміць яго з рознымі драматургамі, малавядомымі або забытымі п'есамі.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ўжо актыўна практыкуе мастацкія чыткі, і некаторыя тэатры спрабавалі такое рэалізаваць на сваіх сцэнах. Для Віцебска гэта будзе новы вопыт, хоць старажылы прыгадваюць нешта падобнае і ў Коласаўскім тэатры. "Калісьці была такая чытка п'есы "Пісьменныя", якая нават вылілася ў спектакль. Можа, і ў нас так будзе. Таму што мастацкая чытка пакажа, наколькі матэрыял цікавы публіцы, ці гатовы людзі да такой п'есы", - дадаў Аляксандр Замкоўскі. Ён растлумачыў, што звычайна такая "рэпетыцыя" з гледачом не прадугледжвае абавязковую пастаноўку спектакля ў далейшым.

Гэта навіна, на думку дырэктара тэатра Аляксандра Старых, з'яўляецца адным са спосабаў прыцягнуць маладую аўдыторыю, якая любіць эксперыменты. Задзейнічаюцца і іншыя метады. Якраз да новага сезона тэатр узяў на работу маладога спецыяліста-маркетолага, адной з галоўных задач якога стане рэклама тэатра ў інтэрнэце, у першую чаргу праз сацыяльныя сеткі і іншыя рэсурсы.

Тэатр створаны ў Віцебску 21 лістапада 1926 года на базе беларускай драматычнай студыі, якая з 1921 па 1926 год існавала пры МХАТ імя М. Горкага. У 1944 годзе за дасягненні ў развіцці нацыянальнай культуры тэатру прысвоена імя Якуба Коласа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі