Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 кастрычніка 2018, 15:13

Франкфурцкі кніжны кірмаш дасць магчымасць рэалізаваць новыя ініцыятывы - Бузоўскі

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Франкфурцкі кніжны кірмаш дасць магчымасць рэалізаваць новыя ініцыятывы. Такое меркаванне выказаў БЕЛТА намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю на гэтым кніжным форуме.

"Спадзяёмся, што выстаўка ў Франкфурце-на-Майне дасць магчымасць рэалізаваць новыя ініцыятывы, прыўнесці свежую хвалю ў работу кніжнай выстаўкі, якая плануецца ў лютым у Беларусі. Некаторыя ініцыятывы ўжо былі агучаны. Яны датычацца арганізацыі сумесных стэндаў: для адукацыйных праектаў па электронным кнігавыданні, для блогераў. Адна з арыгінальных ідэй - правядзенне выстаўкі лепшых карыкатурыстаў. Думаю, сумеснымі намаганнямі будуць ажыццёўлены яркія праекты", - сказаў Ігар Бузоўскі.

Цікавыя прапановы паступілі ад Польшчы, Украіны, Латвіі. "Там існуе канкрэтны запыт на рускамоўную літаратуру беларускіх аўтараў. Ёсць зацікаўленасць ва ўстанаўленні партнёрскіх кантактаў, у прапрацоўцы сумесных буклетаў, каталогаў для далейшага прасоўвання кніг на еўрапейскую прастору. Гэты попыт існуе ўжо не першы год. Мы ўжо зрабілі некаторыя крокі, перадалі першыя каталогі краінам, якія працавалі з намі гэтымі днямі. Думаю, што ў бліжэйшы час убачым вынікі", - адзначыў намеснік міністра.

Плануецца запрашаць замежных перакладчыкаў у Беларусь для наладжвання кантактаў. "Гэту ініцыятыву мы адпрацуем сумесна з еўрапейскімі краінамі. Запрашэнне на выстаўкі і міжнародныя мерапрыемствы замежных перакладчыкаў - неад'емная частка, структурны складнік кнігавыдання і кніжнага гандлю ў іншых краінах", - падкрэсліў Ігар Бузоўскі.

Міжнародны кніжны кірмаш Frankfurter Buchmesse праводзіцца штогод у кастрычніку ў адным з буйнейшых у свеце выставачным комплексе Messe Frankfurt. У бягучым годзе ён праходзіць з 10 па 14 кастрычніка. Штогод удзельнікамі форуму становяцца прадстаўнікі амаль 100 краін. Колькасць выдавецтваў, якія выстаўляюць сваю прадукцыю, перасягае 7 тыс. Праект наведваюць больш за 280 тыс. чалавек, на палях форуму праводзіцца больш за 3 тыс. тэматычных мерапрыемстваў: семінары, круглыя сталы, канцэрты, сустрэчы з пісьменнікамі і інш. Арганізатар праекта - Frankfurter Buchmesse GmbH, даччынае прадпрыемства Саюза кнігагандлёўцаў Германіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі