Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 сакавіка 2017, 15:30

Фрагмент Бібліі Гутэнберга разлічвае паказаць Нацбібліятэка Беларусі на выстаўцы ў Мінску

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фрагмент Бібліі Гутэнберга, самага першага і найбольш вядомага друкаванага выдання ў свеце, якое датуецца сярэдзінай XV стагоддзя, разлічвае паказаць Нацыянальная бібліятэка Беларусі на выстаўцы ў Мінску. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці бібліятэкі Аляксандр Суша, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Біблія Гутэнберга, магчыма, будзе прадстаўлена на міжнароднай выстаўцы, прысвечанай Францыску Скарыне і яго эпосе. Яна адкрыецца 14 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы і будзе прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігавыдавецтва. "На гэтай выстаўцы мы ўпершыню паспрабуем маштабна паказаць гісторыю беларускага кнігавыдавецтва ў розных аспектах і на шырокім культурна-гістарычным фоне. Ёсць вялікая надзея, што фрагмент Бібліі Гутэнберга будзе тут прадэманстраваны", - сказаў Аляксандр Суша. Паводле яго слоў, у Нацыянальнай бібліятэкі ёсць шэраг дамоўленасцей аб тым, каб паказаць на выстаўцы ў Мінску выданні першадрукароў з розных краін.

На экспазіцыі можна будзе ўбачыць кнігі Францыска Скарыны - упершыню са збораў адразу некалькіх краін. Паводле задумы арганізатараў выстаўкі, у яе наведвальнікаў з'явіцца магчымасць азнаёміцца з усёй гісторыяй беларускага кнігадрукавання - ад першых тыпаграфій да знакавых выданняў XIX-XX стагоддзяў і сучасных кніг. Акрамя таго, будзе паказана абсталяванне для кнігадрукавання розных эпох, тэхналогіі і матэрыялы для выдавецкай справы.

Чакаецца, што выстаўка размесціцца на 1,5 тыс. кв.м. На ёй будзе шмат інтэрактыўных пляцовак, плануецца праводзіць заняткі для дзяцей і дарослых, прэзентацыі, сустрэчы. Прадугледжана гульнявая зона, дзе любы жадаючы зможа сябе паспрабаваць, напрыклад, у ролі першадрукара.

Выстаўка, падрыхтоўка да якой ідзе ўжо тры гады, будзе працаваць як мінімум да канца 2017 года. Паралельна плануецца арганізоўваць лакальныя экспазіцыі, прысвечаныя асобным аспектам асноўнай тэмы. У тым ліку і ў самай нечаканай інтэрпрэтацыі. Так, беларускія парфумеры разам з замежнымі калегамі рыхтуюцца прадставіць лінейку пахаў, якія, на іх погляд, перадаюць атмасферу скарынаўскай эпохі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі