Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 сакавіка 2017, 11:16

Дні расійскага кіно пройдуць у красавіку ва ўсіх кінатэатрах Гомельскай вобласці

29 сакавіка, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Дні расійскага кіно, традыцыйна арганізаваныя з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, пройдуць у красавіку ва ўсіх кінатэатрах Гомельскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы рэдактар аддзела рэпертуарнага планавання камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Гомелькінавідэапракат" Святлана Тарасенка.

Увазе гледачоў будуць прапанаваны новыя расійскія фільмы, сярод якіх унікальны кінапраект, заснаваны на рэальных падзеях, "Час першых". Прэм'ера адбудзецца 6 красавіка. Карціна, прымеркаваная да Дня касманаўтыкі, раскажа пра першы выхад чалавека ў адкрыты космас. Аляксея Лявонава іграе Яўген Міронаў, а ролю капітана карабля Паўла Бяляева выканае Канстанцін Хабенскі. Таксама ў красавіку гледачы ўбачаць меладраму Уладзіміра Бартко "Пра каханне", фантастычны экшн "Танцы насмерць", драму Андрэя Канчалоўскага "Рай", камедыю "Кухня: апошняя бітва", а таксама мультфільм "Урфін Джус і яго драўляныя салдаты".

Выхад на вялікія экраны Гомельскай вобласці камедыі "Кухня: апошняя бітва" мясцовыя кінакрытыкі вырашылі зрабіць гучнай і запамінальнай падзеяй. Спецыяльна для гэтага яны аб'явілі пошук двайніка Дзмітрыя Нагіева, які выканаў у фільме адну з галоўных роляў. Плануецца, што двайнік акцёра павінен стаць галоўным удзельнікам бітвы повараў, кулінарных майстар-класаў і дэгустацый, якія арганізуюць для кінагледачоў да пачатку прэм'еры.

Як адзначыла Святлана Тарасенка, акрамя навінак расійскага кінематографа, у час Дзён расійскага кіно можна будзе ўбачыць і фільмы мінулых гадоў. Дарэчы, паказ карцін расійскай вытворчасці ў кінатэатрах рэгіёна традыцыйна складае каля 35 працэнтаў ад агульнай колькасці фільмаў. Без кінастужак усходняй краіны-суседкі не абыходзіцца і топ-10 самых касавых фільмаў.

Дні расійскага кіно - адно са шматлікіх мерапрыемстваў, якія запланаваны ў Гомельскай вобласці да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі (2 красавіка). У прыватнасці, 31 сакавіка ў Гомельскім аблдрамтэатры адбудзецца ўрачысты сход і святочны канцэрт. За дзень да гэтага ў гарадскім цэнтры культуры пройдзе "Вечар рускай культуры". Яго арганізатары абяцаюць гасцям культурна-забаўляльную праграму з нацыянальным каларытам: сустрэчу з быліннымі героямі, рускія народныя гульні, конкурсы, віктарыны, дэгустацыі нацыянальных страў, магчымасць папрацаваць з глінай на ганчарным крузе, а таксама рускія песні і танцы ў выкананні фальклорнага ансамбля з Расіі "Вясёлыя дзяўчаты".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі