Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 ліпеня 2016, 11:59

Чарнігаўскія акцёры прыедуць з гастролямі ў Гомель

29 ліпеня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Гастролі Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі будуць арганізаваны для паклоннікаў Мельпамены ў Гомельскім аблдрамтэатры да адкрыцця новага, 78-га сезона. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар драмтэатра Уладзімір Ступінскі.

На гомельскай сцэне 9 і 10 верасня будуць паказаны "Ноч перад Калядамі" Мікалая Гогаля і "Камедыя памылак" Уільяма Шэкспіра. Абодва спектаклі пастаўлены заслужаным артыстам Украіны Андрэем Бакіравым.

Непасрэдна 78-ы сезон у тэатры адкрыецца 23 верасня прэм'ерай спектакля ў пастаноўцы мінскіх майстроў Дзмітрыя Саладухі і Паўла Харланчука-Южакова. Работа над спектаклем пачалася ўжо, аднак падрабязнасці пакуль трымаюцца ў сакрэце.

Што датычыцца завяршэння 77-га сезона, то яго ў святочнай абстаноўцы адзначаць 31 ліпеня прэм'ерай "Незамужняя жанчына" па п'есе Барыса Рацэра і Уладзіміра Канстанцінава "Стыхійнае бедства" ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Міхаіла Мамедава. У гэты ж дзень калегі павіншуюць з 65-летнімі юбілеямі двух вядучых акцёраў трупы - Аляксея Бычкова і Уладзіслава Караку.

Адыходзячы сезон узбагаціў рэпертуар Гомельскага драмтэатра шэрагам прэм'ер. Артысты з поспехам прадставілі шэсць спектакляў для дарослых: "Маю жонку завуць Марыс", "Ці спяваюць эльфы?", "Чароўны сон", "Там жа, тады ж", сучасную інтэрпрэтацыю шэкспіраўскай трагедыі "Рамэа і Джульета", а таксама "Незамужняя жанчына". Падарункам юным гамяльчанам да Новага года стала казка "Пунсовая кветачка". У рэпертуары з'явіўся таксама тэатралізаваны паказ "Тэатр пачынаецца..." у пастаноўцы Андрэя Шыдлоўскага, а таксама самастойная работа артыстаў Святланы Яфімавай і Юрыя Марціновіча - музычна-паэтычная кампазіцыя "У горадзе маім...".

Уладзімір Ступінскі таксама паведаміў, што 4-5 кастрычніка адбудуцца абменныя гастролі гомельскага тэатра з драмтэатрам Беларускай Арміі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі