18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры і спадчыны Эквадора падпісалі сёння пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакумент падпісаны пасля перагавораў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з яго эквадорскай калегай Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес. Ад беларускага боку подпіс пад дакументам паставіў міністр культуры Юрый Бондар, ад эквадорскага - кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
У пагадненні адзначаецца, што бакі будуць імкнуцца да ўстанаўлення прамых кантактаў і садзейнічаць адзін аднаму ў развіцці ўзаемадзеяння ў культурнай сферы.
Па выніках перагавораў таксама падпісаны пратакол кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў па праекце міжурадавага пагаднення аб вызваленні (вяртанні) ад падатку на дабаўленую вартасць дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі і Эквадора.
Як паведамлялася, з Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес сустрэўся і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаўся за рэвізію адносін паміж дзвюма краінамі. "У нас у адносінах з Эквадорам такі перыяд, калі трэба было б падвергнуць рэвізіі нашы адносіны, паглядзець, што ў нас атрымалася, можа, ад чагосьці адмовіцца і намеціць план дзеянняў на бліжэйшую перспектыву", - сказаў ён у час сустрэчы.-0-