9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пандэмія COVID-19 і звязанае з ёй павелічэнне нагрузкі на сістэмы аховы здароўя можа прывесці да росту паказчыкаў дзіцячай смяротнасці. Аб гэтым заявілі эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Яны падкрэслілі, што з-за пераразмеркавання рэсурсаў у сектары грамадскай аховы здароўя краіны ўдзяляюць менш увагі праблемам маці і дзяцей, паведамляе Цэнтр навін ААН.
Так, у 63 працэнтаў краін знізілася частата і якасць прэнатальных скрынінгаў, у 68 працэнтаў - многім дзецям не зрабілі своечасова неабходныя прышчэпкі, а больш як у палавіне дзяржаў былі зарэгістраваны выпадкі, калі ва ўрачоў не было магчымасці лячыць хворых дзяцей.
"Сусветная супольнасць вельмі далёка рушыла наперад у барацьбе з дзіцячай смяротнасцю, і пандэмія каранавіруса не павінна спыніць прагрэс, - заявіла кіраўнік ЮНІСЕФ Генрыэта Фор. - Калі дзецям не аказваюць неабходных медыцынскіх паслуг, паколькі сістэма перагружана, калі жанчыны баяцца нараджаць у шпіталі, таму што там можна заразіцца, яны таксама становяцца ахвярамі каранавіруса".
У ЮНІСЕФ і СААЗ нагадваюць, што ў 2019 годзе быў зарэгістраваны рэкордна нізкі паказчык смяротнасці сярод дзяцей ва ўзроставай групе да 5 гадоў. З-за розных захворванняў ва ўсім свеце памерлі 5,2 млн маленькіх дзяцей. У 1990 годзе гэты паказчык быў амаль у 2,5 раза вышэйшы - тады памерлі 12,5 млн дзяцей малодшыя за 5 гадоў.
Спецыялісты падкрэсліваюць, што за апошнія 30 гадоў удалося выратаваць мільёны дзіцячых жыццяў за кошт павышэння якасці такіх паслуг у сферы аховы здароўя, як прэнатальная дыягностыка, догляд неданошаных дзяцей і нованароджаных з нізкай вагой, лячэнне неанатальнага сепсісу, а таксама пнеўманіі, малярыі і дыярэі. Важную ролю ў прадухіленні дзіцячых смярцей таксама адыгралі прышчэпкі.
ЮНІСЕФ і СААЗ заклікаюць міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае для таго, каб прадухіліць мільёны дзіцячых смярцей. "Калі тэрмінова не інвесціраваць сродкі ў сістэмы аховы здароўя, якія сёння перагружаны, памруць мільёны дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў, перш за ўсё нованароджаныя", - папярэдзіла Генрыэта Фор.-0-
