15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стратэгія, выпрацаваная Еўрасаюзам, не дапусціць новага ўвядзення глабальнага каранціну і спынення эканомікі ЕС у выпадку другой хвалі пандэміі. Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі ў Бруселі еўракамісар па ахове здароўя Стэла Кірыякідэс, прадстаўляючы стратэгію ЕС, паведамляе ТАСС.
"Наша задача - прадухіляць, а не стрымліваць. Калі ў асобных рэгіёнах мы будзем вымушаны стрымліваць пандэмію, будзем гэта рабіць эфектыўна, каб не дапусціць паўторнага ўвядзення глабальнага каранціну і новага спынення эканомікі", - заявіла яна.
Прадстаўленая Еўракамісіяй стратэгія нацэлена ў першую чаргу на асенні перыяд, калі многія эксперты чакаюць другую хвалю пандэміі каранавіруса. Акрамя таго, Еўракамісія папярэджвае аб рызыках, якія ўзнікаюць з-за звычайнай у гэту пару эпідэміі сезоннага грыпу. Яна пагражае падарваць імунітэт людзей і абвастрыць наступствы другой хвалі пандэміі каранавіруса.
Стратэгія Еўракамісіі ўключае меры па стварэнні запасаў медыцынскіх сродкаў і прэпаратаў, значнае пашырэнне тэсціравання, адсочванне выпадкаў заражэння і маніторынг агульнага эпідэміялагічнага стану для своечасовага выяўлення новых ачагоў захворвання. Таксама распрацоўваецца пакет мер для хуткага нарошчвання магчымасцей сістэм аховы здароўя краін і рэгіёнаў ЕС у выпадку ўзнікнення там ачагоў заражэння. Гэтыя меры ўключаюць як сродкі для экстраннай фінансавай падтрымкі, так і падрыхтоўку медыцынскіх груп, уключаючы перакідку ўрачоў, абсталявання і медыкаментаў у розныя краіны ЕС.
Для абмежавання магчымага ўплыву сезоннага грыпу на развіццё другой хвалі пандэміі каранавіруса прапануецца значна пашырыць вакцынацыю супраць сезоннага грыпу летам і восенню 2020 года. Акрамя таго, Еўракамісія падтрымлівае даследаванні па забеспячэнні эфектыўных сродкаў прафілактыкі і барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса на рабочых месцах.
Пытанні аховы здароўя і проціэпідэмічных мерапрыемстваў у ЕС знаходзяцца ў веданні нацыянальных урадаў. Роля Еўракамісіі ў гэтым пытанні зводзіцца да прадастаўлення рэкамендацый і забеспячэння каардынацыі дзеянняў паміж краінамі супольніцтва.
Глабальны каранцін, які фактычна паралізаваў эканоміку ЕС з сярэдзіны сакавіка па сярэдзіну мая 2020 года, прывядзе да рэкорднага ў пасляваеннай Еўропе спаду сумарнага ВУП Еўрасаюза (на 8,3 працэнта ў параўнанні з 2019 годам),згодна з летнім эканамічным прагнозам Еўракамісіі. Паводле апошніх даных, з пачатку пандэміі каранавірусам у свеце заразілася больш за 13,3 млн чалавек, амаль 578 тыс. памерла.-0-