Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 верасня 2025, 09:30

У Мінску стартуе фінальны этап турніру юных футбалістаў "Скураны мяч"

Фота з архіва
Фота з архіва
2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На пляцоўках футбольнага клуба "Мінск" на вуліцы Маякоўскага стартуе фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў "Скураны мяч" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Аб гэтым паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Спачатку ва ўсіх узроставых катэгорыях пройдуць спаборніцтвы ў папярэдніх групах, а 5 верасня адбудуцца вырашальныя паядынкі за прызавыя месцы. У гэтым сезоне за прызы змагаюцца хлопчукі і дзяўчынкі 2011-2016 гадоў нараджэння. Усяго ў 2025 годзе ва ўсіх рэгіёнах краіны за пуцёўкі ў вырашальны раўнд спаборніцтваў змагаліся 1827 каманд, у якіх гулялі каля 24,5 тыс. юных футбалістаў. Чэмпіёны і прызёры будуць узнагароджаны спецыяльнымі кубкамі і медалямі. Лепшыя ў гульнявых амплуа будуць адзначаны індывідуальнымі прызамі, а ўсе ўдзельнікі фінальнай стадыі атрымаюць памятныя падарункі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.   

Турнір юных футбалістаў "Скураны мяч" быў арганізаваны ў Савецкім Саюзе больш за 60 гадоў таму, а яго першым пераможцам стала мінская каманда "Чайка". У розныя гады свае першыя крокі да вяршынь майстэрства рабілі сапраўдныя зоркі савецкага футбола - Аляксандр Пракапенка, Сяргей Гарлуковіч, Анатоль Байдачны, Андрэй Шаўчэнка, Фёдар Чаранкоў, Уладзімір Гуцаеў, Аляксандр Чывадзэ, Віталь Дараселія, Алег Блахін і многія іншыя праслаўленыя ігракі. Пасля распаду СССР турнір на некаторы час спыніў сваё існаванне. У Беларусі ён быў адроджаны ў 1997 годзе, а з 2007 года пачаўся адлік навейшай гісторыі "Скуранога мяча" - спаборніцтваў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі