16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты зборнай Расіі атрымалі сваю чацвёртую перамогу запар на чэмпіянаце свету ў Славакіі, разграміўшы італьянцаў з лікам 10:0, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як і чакалася, расіяне, якія лічацца аднымі з галоўных фаварытаў турніру, не мелі ніякіх праблем у гульні з адным з аўтсайдараў. Ужо ў першым перыядзе італьянцы прапусцілі 4 шайбы, а потым расійскія хакеісты вызначыліся яшчэ 6 разоў. Для Італіі гэта чацвёртае паражэнне, прычым яны яшчэ не закінулі ніводнай шайбы, прапусціўшы 30. У іншым паядынку 4-га тура ў групе В зборная Швейцарыі таксама дабілася сваёй чацвёртай запар вікторыі, абыграўшы нарвежцаў - 4:1. Турнірнае становішча ў групе В: Расія - 12 ачкоў (4 матчы), Швейцарыя - 12 (4), Швецыя - 6 (3), Чэхія - 6 (3), Латвія - 6 (3), Аўстрыя - 0 (3), Нарвегія - 0 (4), Італія - 0 (4).
Лідар групы А зборная Германіі сустракалася з гаспадарамі турніру славакамі і за дзве хвіліны да заканчэння 3-га перыяду ўступала з лікам 1:2. Аднак славацкія хакеісты, як і ў гульні з канадцамі, у канцы не змаглі ўтрымаць перамогу і ўступілі 2:3. Для нямецкай дружыны гэта чацвёртая перамога ў чатырох сустрэчах. Хакеісты ЗША былі мацнейшымі за каманду Вялікабрытаніі - 6:3. Турнірнае становішча ў групе А: Германія - 12 (4), ЗША - 8 (4), Фінляндыя - 7 (3), Канада - 6 (3), Данія - 5 (3), Славакія - 3 (4), Францыя - 1 (3), Вялікабрытанія - 0 (4).
Сёння на сусветным першынстве адбудуцца 4 паядынкі:
група А: Канада - Францыя (пачатак у 17.15), Фінляндыя - Данія (21.15);
група В: Швецыя - Аўстрыя (17.15), Чэхія - Латвія (21.15).
Па выніках першага этапу барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць па 4 лепшыя каманды з дзвюх груп.-0-