Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 лістапада 2024, 10:52

Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па хакеі стартуе ў Мінску
 

Фота НАК
Фота НАК
6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На лёдзе сталічнай "Чыжоўкі-арэны" стартуе Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба (ПСК) па хакеі з удзелам каманд з трох краін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На міжнародных спаборніцтвах выступяць юнацкая (U17) і юніёрская (U18) зборныя Беларусі, а таксама каманды Расіі-U16 і Казахстана-U18. Уладальнік Кубка ПСК вызначыцца па выніках кругавога турніру, у якім удзельнікі згуляюць адзін супраць аднаго па разе. Праграму розыгрышу адкрые паядынак расійскіх і казахскіх ігракоў (пачатак у 16.00), а ў 19.30 на лёд выйдуць абедзве зборныя нашай краіны. У пятніцу Беларусь-U17 сустрэнецца з Расіяй-U16, а Беларусь-U18 згуляе з Казахстанам-U18. У заключны дзень Кубка, 9 лістапада, адбудуцца паядынкі Беларусь-U17 - Казахстан-U18 і Беларусь-U18 - Расія-U16.

"Задача на турнір - першае месца, перамогі ва ўсіх матчах, - падкрэсліў галоўны трэнер юніёрскай зборнай Беларусі Сцяпан Панамароў. - Часу на падрыхтоўку амаль не было. Даволі насычаны графік, прыехалі легіянеры, з якімі мы даўно не бачыліся. Складана, але будзем спрабаваць выціснуць максімум. Узровень сапернікаў будзе высокім. І Казахстан, і Расія - вельмі сур'ёзныя зборныя. Цяпер у нас няшмат варыянтаў у плане турніраў, таму гэта прыярытэтнае спаборніцтва для каманды. Добрая міжнародная практыка".

"Нам выпаў унікальны шанц. Федэрацыя хакея правяла добрую работу, даўшы магчымасць дзвюм беларускім камандам згуляць на дамашнім турніры, - лічыць галоўны трэнер юнацкай зборнай Беларусі Андрэй Рашчынскі. - Гэты Кубак, па сутнасці, - гэта спаборніцтва з равеснікамі. Ва ўнутраным чэмпіянаце краіны мы паказваем нядрэнную гульню, і хацелася б перанесці яе на міжнародны турнір. Падтрымка гледачоў гарантавана. Людзей будзе больш, чым на матчах вышэйшай лігі, юнакі і дзяўчаты са спартыўных школ таксама прыйдуць паглядзець. Будзем рады бачыць балельшчыкаў на трыбунах, пастараемся іх парадаваць сваёй гульнёй".

Таксама ў рамках Кубка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба будзе згуляны турнір па хакеі ў фармаце 3х3, які пройдзе 7 лістапада. Год таму перамогі як у класічным, так і ва ўсечаным фармаце атрымала зборная Беларусі-U18. Акрамя таго, у сераду і пятніцу ў "Чыжоўцы-арэне" адбудуцца выставачныя матчы паміж жаночай камандай Расіі і зборнай Мінска, куды ўвайшлі юнакі 2008 года нараджэння і дзяўчаты больш старэйшага ўзросту. Уваход на трыбуны на ўсе паядынкі свабодны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі