4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі атрымала чацвёртую вікторыю ў рэгулярным сезоне Рэспубліканскай хакейнай лігі (РХЛ), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння на лёдзе "Алімпік-Арэны" ў Мінску дружына кіраўніка дзяржавы перамагла каманду Віцебскай вобласці з рэзультатам 10:4 (3:1, 5:1, 2:2).
Пачатак сустрэчы прайшоў з перавагай гаспадароў, якія адкрылі лік на 6-й хвіліне, калі пасля перадачы Аляксандра Лукашэнкі вызначыўся лепшы бамбардзір турніру Андрэй Касціцын. У хуткім часе Аляксандр Зелянко закінуў другую шайбу, потым Яраслаў Дзямідаў скараціў разрыў да мінімуму, а затым Павел Волчак падвёў вынік першага перыяду - 3:1. Адразу пасля перапынку Аляксандр Лукашэнка аддаў эфектны пас на Яраслава Чупрыса, які павялічыў перавагу прэзідэнцкай каманды да трох шайбаў. Не прайшло і дзвюх хвілін, як Чупрыс пасля паса Касціцына вызначыўся яшчэ раз, а да другога перапынку аформіў хет-трык. У складзе гаспадароў Павел Волчак закінуў сваю другую шайбу, таксама ў вароты віцябчан трапіў Максім Парфеявец. Госці адказалі голам Алега Палякевіча. У заключнай трэці матчу сапернікі па два разы трапілі ў вароты адзін аднаго: у пераможцаў вызначыліся Канстанцін Дурноў і Мікалай Лукашэнка, у гасцей - Андрэй Краўчанка і Ігар Каваленя.
Лепшымі ігракамі сённяшняга матчу прызнаны Яраслаў Чупрыс і Віталь Кірушчанкаў. Прызы ім уручыў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч.
Па традыцыі ў перапынках хакейнага матчу шматлікія балельшчыкі ўбачылі эфектныя музычныя нумары, прынялі ўдзел у конкурсах на лядовай пляцоўцы, а пасля завяршэння гульні сталі ўладальнікамі мяккіх цацак ад прэзідэнцкай каманды.
У першым туры лядовая дружына кіраўніка дзяржавы перамагла ў Мінску хакеістаў Гродзенскай вобласці (10:3), потым выйграла ў Жлобіне ў каманды Гомельскай вобласці (5:2), а затым зноў у Мінску абыграла сапернікаў з Брэсцкай вобласці (8:2). Пасля чатырох праведзеных сустрэч у актыве прэзідэнцкай каманды 8 ачкоў з 8 магчымых. Бамбардзірскую гонку ўзначальвае Андрэй Касціцын, у якога 14 балаў - 4 галы і 10 рэзультатыўных перадач.
У фінальнай серыі мінулага аматарскага турніру лядовая дружына Прэзідэнта двойчы абыграла хакеістаў Мінскай вобласці - 5:2 і 10:8 і 15-ы раз стала пераможцай гэтых спаборніцтваў. Па адным тытуле ў каманд Гомельскай і Мінскай абласцей.
Арганізатары хакейнага аматарскага турніру - Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-