Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 лютага 2019, 15:18

Допінг-пробы ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў будуць правярацца ў Вене

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Допінг-пробы спартсменаў - удзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў у Мінску будуць адпраўляцца ў венскую лабараторыю. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Дзяніс Мужухін у прэс-цэнтры "СБ. Беларусь сегодня", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка НАДА, у час маючых адбыцца гульняў у першую чаргу тэсты будуць праходзіць прызёры спаборніцтваў. Акрамя таго, па жэрабі правераны можа быць любы спартсмен незалежна ад занятага месца. Калі ў час спаборніцтваў паступіць інфармацыя, што канкрэтны спартсмен прымае або збіраецца ўжыць забаронены прэпарат, то яго абавязкова возьмуць на кантроль. Дзяніс Мужухін таксама нагадаў, што ў плане допінгу да розных відаў спорту розныя падыходы. Ёсць так званыя небяспечныя ў гэтым аспекце віды, напрыклад, веласпорт, лёгкая атлетыка, барацьба, веславанне на байдарках і каноэ, да іх заўсёды асаблівая ўвага і кантроль.

Каманда допінг-афіцэраў будзе міжнароднай - у ёй 30 замежных і 10 беларускіх спецыялістаў. Гэта сусветная практыка, каб працэс кантролю быў цалкам празрыстым, у ім удзельнічалі прадстаўнікі розных дзяржаў. Дапамагаць спецыялістам будуць амаль 200 валанцёраў з розных краін свету, уключаючы такія аддаленыя ад Беларусі, як Аўстралія, Канада і ЗША. У задачу валанцёраў будзе ўваходзіць апавяшчэнне спартсменаў і суправаджэнне да месцаў тэсціравання, якіх будзе 15 - па колькасці відаў спорту.

Працэдура праходжання допінг-кантролю вельмі спецыфічная, таму асаблівая ўвага звяртаецца на абсталяванне пунктаў, адзначыла менеджар па антыдопінгавым кантролі II Еўрапейскіх гульняў Кацярына Курыленкава. Часам спартсменам даводзіцца вельмі доўга чакаць самога працэсу і, каб паскорыць яго, ім трэба прадаставіць прахаладжальныя напіткі. Прыярытэт будзе аддавацца негазіраваным водам, а вось газіроўкі і піва не будзе, хоць у некаторых відах спорту, напрыклад, у хакеі, пенны напітак не забаронены.

Дзяніс Мужухін таксама паведаміў, што ўся падрыхтоўка да маючага адбыцца кантынентальнага форуму ідзе ў цесным кантакце з Еўрапейскім алімпійскім камітэтам (ЕАК) і міжнароднымі антыдопінгавымі службамі. Што датычыцца агульнай колькасці спроб, якія будуць узяты ў час гульняў у Мінску, то гэта інфармацыя не раскрываецца.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня, у іх прымуць удзел амаль 4 тыс. атлетаў з 50 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі