Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 жніўня 2025, 18:53

Зацікавіць вучобай і прывіць любоў да чытання. З якімі ідэямі маладыя педагогі ідуць працаваць

27 жніўня, Клецк /Кар. БЕЛТА/. З якімі ідэямі, думкамі і чаканнямі маладыя педагогі выходзяць на сваё рабочае месца, расказалі журналістам удзельнікі канферэнцыі педагагічных работнікаў Мінскай вобласці ў Клецку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Клецкай сярэдняй школы нумар 2 Наталля Бурак расказала, што ў бягучым годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і вярнулася працаваць у сваю родную школу. "Яшчэ са школы мая настаўніца па беларускай мове развівала ўва мне любоў да гуманітарных прадметаў. Калі я скончыла 11-ы клас, зразумела, што мой шлях - гэта выкладанне. На працягу чатырох гадоў навучання мы праходзілі шмат практыкі, і мне сапраўды падабаецца працаваць з дзецьмі - гэта галоўны фактар, чаму я выбрала гэту прафесію", - адзначыла яна.

Наталля, акрамя таго, жадае развіваць у дзяцей любоў да чытання. "Існуе шмат твораў, звязаных з гісторыяй нашага беларускага народа. Я спадзяюся, што дзеці будуць іх чытаць і пазнаваць як мага больш", - падкрэсліла настаўнік.

Для Наталлі самае галоўнае ў прафесіі - гэта аддача ад дзяцей. "Я лічу, што настаўніцтва - гэта не пра матэрыяльнае, а пра духоўна-маральнае. Спадзяюся, што ў мяне ўсё складзецца і дзеці мяне прымуць", - дадала яна.

Яшчэ адной маладой удзельніцай канферэнцыі стала настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы нумар 2 г.п. Гарадзея Маргарыта Майсей. Яна таксама нядаўна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і вярнулася працаваць у родную школу. "З дзяцінства мне заўсёды падабалася тлумачыць дзецям нешта новае. Гэта выклікала ў мяне вялікую цікавасць. На мой выбар паўплывалі і мае педагогі, асабліва настаўніца па матэматыцы. Цяпер мы ўжо калегі, але тады менавіта яна зацікавіла мяне прадметам, паколькі выкладала яго вельмі цікава. Яна гарэла ім, мне захацелася быць такім жа спецыялістам, які будзе дапамагаць дзецям, натхняць іх і навучаць", - расказала яна.

Маргарыта адзначыла, што вяртанне ў родныя школьныя сцены стала свядомым выбарам: "Я вучылася тут, выпусцілася і вярнулася. У роднай школе ўсё знаёмае: ведаеш, дзе што знаходзіцца, і ведаеш, што табе дапамогуць. Бо мы не чужыя людзі", - падкрэсліла яна.

Маргарыта разам з калегамі актыўна рыхтуецца да сустрэчы з вучнямі 1 верасня. "Мы складаем заданні і розныя гульні. Сёння трэба зацікавіць дзяцей - без цікавасці не будзе і вучобы. Вядома, цяпер крыху хвалююся, але я ўпэўнена, што ўсё будзе добра", - прызналася малады педагог.

Традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў Мінскай вобласці ў гэтым годзе праходзіць у Клецку. На вулічных пляцоўках і ў холах Клецкага раённага цэнтра культуры прадстаўлены дасягненні сістэмы адукацыі рэгіёна. Гасцям горада дэманструюць выставачныя інсталяцыі "Вечная слава героям", "Іх імёнамі названы школы", работы пераможцаў абласнога конкурсу "Абеліскі Вялікай Перамогі" і міні-альманахі абласнога героіка-патрыятычнага праекта "Імёны Перамогі". На пленарным пасяджэнні ўшаноўвалі лепшых педагогаў вобласці, ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць сваю кар'еру ў цэнтральным рэгіёне. Таксама падведзены вынікі папярэдняга навучальнага года і вызначаны напрамкі развіцця сістэмы адукацыі Міншчыны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі