Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2022, 19:22

Заяц: праект Канстытуцыі нацэлены забяспечыць салідарнасць грамадства і эканамічнае развіццё краіны

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадская прыёмная пры Савеце Рэспублікі для абмеркавання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю прайшла сёння з удзелам намесніка старшыні Савета Рэспублікі Леаніда Зайца, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі шмат змяненняў і дапаўненняў уносіцца ў Асноўны закон, па якім трэба жыць нашай дзяржаве. Навацыі, прапісаныя ў праекце Канстытуцыі, прадыктаваны палітычнымі, грамадска-эканамічнымі ўмовамі, якія ствараліся гадамі і ўвасабляюць рэчаіснасць. Цяпер на этапе развіцця нашага грамадства і дзяржавы неабходна гэтыя змяненні прымяняць у Асноўным законе, - сказаў Леанід Заяц. - Прэзідэнт неаднаразова звяртаў увагу на неабходнасць удасканалення Канстытуцыі. У сувязі з гэтым была створана Канстытуцыйная камісія, па ўсёй краіне разгорнуты 1,6 тыс. дыялогавых пляцовак, удзельнікамі якіх сталі каля 50 тыс. грамадзян з розных слаёў грамадства. Людзі прыходзілі з разумнымі прапановамі і ідэямі, каб усё гэта было пачута і дапоўнена ў Асноўны закон".

Паводле яго слоў, беларусы актыўна ўключаны ў абмеркаванне новай рэдакцыі. "Мы назіраем актыўную рэакцыю нашага грамадства, грамадзян, якія выказваюць свае прапановы па Асноўным законе. Неабходна пачуць людзей, сфармуляваць дапаўненні і змяненні ў праект Канстытуцыі такім чынам, каб гэта далей аб'ядноўвала нашых людзей, забяспечвала грамадзянскі мір, мір у цэлым на беларускай зямлі, салідарнасць грамадства і далейшае эканамічнае развіццё краіны", - сказаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі.

Як адзначыў віцэ-спікер, навацыі закрануць многія аспекты жыццядзейнасці грамадзян. Так, згодна з арт. 32 шлюб як саюз жанчыны і мужчыны, сям'я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. "Устанаўліваюцца пэўныя правы і абавязкі. Бацькі павінны клапаціцца аб дзецях, іх адукацыі, прывучаць іх да грамадска-карыснай працы, вучыць дзіця шанаваць гістарычныя і нацыянальныя традыцыі, паважаць законы краіны - наогул, падрыхтаваць да дарослага жыцця. А дзеці, у сваю чаргу, павінны клапаціцца аб сваіх бацьках, і аказваць ім дапамогу", - растлумачыў ён.

Леанід Заяц таксама звярнуў увагу на арт.47, згодна з якім дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, а таксама аб інвалідах і пажылых людзях. Інвалідам забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Акрамя таго, рэалізуецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння якасці іх жыцця, падтрымкі сем'яў з інвалідамі.

Намеснік старшыні верхняй палаты выказаў падзяку грамадзянам за актыўную пазіцыю. Паступалі прапановы па дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, судовага ладу, мясцовага кіравання і самакіравання. Скарыстаўшыся выпадкам сустрэчы ў Савеце Рэспублікі, многія ўздымалі і свае жыццёвыя праблемы. Віцэ-спікер паабяцаў дапамагчы і даручыў спецыялістам вывучыць прадметна паступіўшыя пытанні.

Члены Савета Рэспублікі гатовы асабіста выслухаць усіх, хто мае прапановы па праекце Асноўнага закона, і адказаць на іншыя пытанні, якія хвалююць грамадзян, кожныя панядзелак, сераду і пятніцу з 11.00 да 17.00 па адрасе: г.Мінск, вул.Кірава, 47. У сувязі з вялікай колькасцю жадаючых звярнуцца да сенатараў грамадская прыёмная па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі будзе працаваць па папярэднім запісе. Запіс ажыццяўляецца па тэлефонах: 8 (017) 321-22-98, 8 (017) 327-46-74, 8 (017) 327-46-76.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі