Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 студзеня 2023, 16:18

Вучоным года НАН Беларусі ў 2022 годзе стаў доктар медыцынскіх навук Ігар Карпаў

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Званне "Вучоны года НАН Беларусі - 2022" прысвоена загадчыку кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктару медыцынскіх навук, прафесару, члену-карэспандэнту Ігару Карпаву, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

Высокага звання вучоны ўдастоены за значны асабісты ўклад у развіццё навуковых даследаванняў у галіне клінічнай медыцыны, распрацоўку і ўкараненне інавацыйных метадаў дыягностыкі і лячэння інфекцыйных захворванняў, дасягненні ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Ігар Карпаў скончыў у 1980 годзе Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Доктар медыцынскіх навук (2000), прафесар (2003), член-карэспандэнт НАН (2021). З 2000 года - загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ.

Ён вядомы вучоны ў галіне вірусных і бактэрыяльных інфекцый, іх дыягностыкі і этыятропнай тэрапіі. Асноўныя навуковыя працы фундаментальнага і прыкладнога характару прысвечаны вывучэнню клінічных асаблівасцей актуальных інфекцыйных захворванняў, распрацоўцы і ўкараненню ў практыку новых аптымальных падыходаў пры лячэнні ВІЧ-інфекцыі, хранічнага віруснага гепатыту, грыпу, COVID-19, бактэрыяльнага і віруснага сепсісу, нейраінфекцый, нозакаміяльных ускладненняў. Пад яго кіраўніцтвам вывучана этыялагічная структура ВІЧ і мадыфікавана этыятропная тэрапія гэтага захворвання, упершыню ў СНД створана сістэма аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй на базе інфекцыйных стацыянараў. Атрыманы новыя даныя па структуры нейраінфекцый, устаноўлены новыя клінічныя формы ходу захворванняў у Беларусі. Распрацаваны і ўключаны ў нацыянальныя пратаколы прынцыпы этыятропнай тэрапіі бактэрыяльных захворванняў, віруснага і бактэрыяльнага сепсісу, грыпу, COVID-19.

Ігар Карпаў з'яўляецца намеснікам кіраўніка рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групы па пераадоленні COVID-19 з 2020 года, актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні пасяджэнняў, неаднаразова прадстаўляў навуковыя даклады па актуальных пытаннях дыягностыкі і лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, прафілактыкі захворвання. Ён аўтар больш як 500 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 9 калектыўных выданняў, больш як 20 інструкцый па прымяненні, 30 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.

Ён з'яўляецца членам Еўрапейскага таварыства клінічных мікрабіёлагаў і інфекцыйных хвароб, Міжнароднай арганізацыі па рацыянальным прымяненні антыбіётыкаў, Усходнееўрапейскай акадэміі па ВІЧ/СНІД, кіруючага камітэта па ВІЧ/СНІД EuroSIDA, галоўным пазаштатным інфекцыяністам Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі" (2013), ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Міністэрства аховы здароўя, НАН Беларусі, Нацыянальнага сходу, знакам "Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь", нагрудным знакам узнагароды імя У.М.Ігнатоўскага НАН Беларусі. Заслужаны ўрач Беларусі (2017), народны ўрач Беларусі (2020).

Конкурс "Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" заснаваны ў студзені 2018 года. Яго мэта - выяўленне і заахвочванне найбольш эфектыўна працуючых у конкурсным годзе вучоных з ліку акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, а таксама навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, працуючых у навуковых арганізацыях НАН Беларусі, якія маюць значныя асабістыя дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці, уносяць важкі ўклад у развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Акадэміі навук Беларусі, падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.

Званне "Вучоны года" прысвойваецца штогод напярэдадні святкавання Дня беларускай навукі на аснове рэзультатаў конкурснага адбору. Ужо было праведзена пяць конкурсаў. Звання "Вучоны года" ўдастоены пяцёра вучоных: у 2017 годзе - член-карэспандэнт Эмілія Каламіец, у 2018 годзе - акадэмік Мікалай Казак, у 2019 годзе - член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя, у 2020 годзе - акадэмік Уладзімір Агабекаў, у 2021 годзе - акадэмік Аляксандр Ільюшчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі