3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адукацыі мы стараемся выбудоўваць сістэмны падыход і рухацца з доўгатэрміновай перспектывай. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец у праграме "Маркаў. Нічога асабістага" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"У адукацыі мы стараемся выбудоўваць сістэмны падыход. Уся сістэма адукацыі вялікая. Гэта каля 3 тыс. школ, больш за 3,5 тыс. дзіцячых садоў. І ёсць разуменне, што вопыт асобнага малыша або асобнага бацькі не можа быць паказальным для ўсёй сістэмы. Але, з другога боку, не паглыбіўшыся, не адчуўшы на сабе нешта, ты наўрад ці зможаш даць адэкватную, рэальную, аб'ектыўную ацэнку таму, што адбываецца ў сістэме адукацыі. Мне здаецца, як і заўсёды было, вельмі важную ролю адыгрывае педагог. Гэта выхавальнік у садзе, настаўнік у школе і прафесар ва ўніверсітэце. І калі педагог знаходзіцца на сваім месцы, калі ён не толькі прафесіянал, але і любіць сваю краіну, то мы можам быць упэўнены за наша падрастаючае пакаленне", - сказаў Андрэй Іванец.
Ён дадаў, што, сутыкаючыся з нейкімі рэчамі ў штодзённым жыцці, кожны лічыць, што з імі разабрацца вельмі проста. "Я быў не выключэннем. Шэраг пытанняў, мне здавалася, знаходзяцца на паверхні, яны простыя і іх трэба вырашыць. Частку з іх мы ўжо вырашылі", - сказаў міністр. Ён таксама адзначыў, што вельмі важна, што яго ўся папярэдняя дзейнасць была звязана з навукай. "Людзі навукі ў першую чаргу даволі крытычныя. Яны многія факты ўспрымаюць з доляй сумнення. Калі вучоны не будзе сумнявацца, то ён наўрад ці знойдзе ісціну. Таму, прыйшоўшы ў сістэму адукацыі, гэты навык пошуку, удумлівасці адыгрывае сур'ёзную ролю. Гэта дае магчымасць разабрацца ў пытаннях, пачынаючы з дашкольнай адукацыі, школы, прафесійна-тэхнічнай, дадатковай адукацыі, вышэйшай, перападрыхтоўкі і падрыхтоўкі. Безумоўна, гэта работа творчая і цікавая. Ты сутыкаешся з той сістэмай, якая датычыцца кожнага чалавека. Няма ў краіне ніводнага чалавека, які не прайшоў бы праз сістэму адукацыі. І гэта вялікая адказнасць", - рэзюмаваў Андрэй Іванец.-0-