
30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 снежня заявіў аб планах звязаць гарады-спадарожнікі з Мінскам наземным метро, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час у 90-я яму прапаноўвалі закрыць і не будаваць метро, паколькі гэта вельмі дорага. "Павінен вам сказаць, што я сур'ёзна над гэтым думаў, таму што грошай не было. Але Гасподзь мяне тады наставіў на розум, я сказаў: "Не, будзем па метры будаваць у год, у дзень і гэтак далей, але трэба захаваць "Метрабуд". Таму што гэта школа. Калі б мы яе тады закрылі, сёння ўсе разбегліся б, моладзь у будаўніцтва пад зямлю сюды не ішла б. І мы не ўмелі б будаваць метро. Далёка не ўсе і не многія дзяржавы займаюцца такім будаўніцтвам пад зямлёй. Гэта складана, гэта школа. Вы лепш за мяне ведаеце. Таму, захаваўшы ў свой час метро, мы маем магчымасць самі будаваць нятанныя кіламетры. Але мы гэта робім і будзем рабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым расказаў, якія дадатковыя аб'ёмы работ чакаюць метрабудаўцаў, акрамя самой падземкі. Гэта звязана з развіццём гарадоў-спадарожнікаў Мінска і транспартнымі зносінамі са сталіцай. "Мы не будзем забудоўваць Мінск, як гэта робяць іншыя гарады і пашыраць-пашыраць за кальцавую дарогу - задыхнецца Мінск. Як я гаварыў, мінчанам брыдка будзе жыць у гэтым горадзе. Таму прынята рашэнне, што мы будзем будаваць гарады-спадарожнікі. Вы іх ведаеце - Лагойск, Дзяржынск, Смалявічы… Але іх трэба злучыць скораснымі трасамі. Таму будзем планаваць і прыглядацца да таго, каб пабудаваць метро наземнае (не пад зямлёй). Хто гэта будзе рабіць? Вы гэта будзеце рабіць", - заявіў беларускі лідар.
"Таму ваш калектыў сёння - гэта толькі пачатак. Нам трэба падвойвацца, нам трэба больш увагі ўдзяляць будаўніцтву метро", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-