Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 снежня 2024, 17:28

"Уражанні заўсёды самыя добрыя". Карпенка аб акцыі "Нашы дзеці"

Скрыншот відэа ЦВК
Скрыншот відэа ЦВК
26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уражанні ад дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" заўсёды самыя добрыя. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня ЦВК Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Традыцыйна напярэдадні навагодніх свят Ігар Карпенка наведвае выхаванцаў Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу. Яшчэ ў 2015 годзе ўзята шэфства над установай. Гэта дом для падлеткаў, якія спатыкнуліся. Але каб у будучым усё склалася ўдала і дзеці верылі ў свой поспех, ім дапамагаюць дарослыя. Марафон дабра даўно ўжо выйшаў за межы канкрэтных устаноў адукацыі г.п.Крывічы. У пасялковым Доме культуры свята арганізуецца для ўсіх навучэнцаў бліжэйшых школ і жыхароў гарадскога пасёлка. Самі вяскоўцы прызнаюцца, што за гады правядзення акцыі "Нашы дзеці" яна стала агульным святам для ўсіх.

"Уражанні ад гэтай акцыі заўсёды самыя добрыя і лепшыя, - расказаў Ігар Карпенка. - Канцэртная, гульнявая праграма, падарункі, стасункі. Са старшынёй Мядзельскага выканкама мы абмеркавалі пытанне, якія неабходна правесці работы ва ўстановах адукацыі. Адным словам, гэта не проста акцыя для стварэння настрою дзецям, гэта яшчэ і вырашэнне тых важных сацыяльных задач, якія неабходны для пасёлка. Для таго, каб ён далей развіваўся, каб устойліва людзі маглі працаваць, атрымліваць заработную плату, ствараць сем'і, гадаваць дзяцей. Думаю, гэта самае галоўнае".

ЦВК Беларусі падзякавала кіраўніцтву Міністэрства адукацыі, Мядзельскага раёна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, якія штогод дапамагаюць арганізоўваць навагоднія мерапрыемствы ў гэтым гарадскім пасёлку.

"У нашай установе вельмі шмат дзяцей, якія з'яўляюцца сіротамі, з цяжкіх сем'яў. Адным словам, клопату, які павінны былі праяўляць бацькі, яны часам не адчуваюць. А вось такія візіты, святы, якія арганізуюцца пры дапамозе ЦВК, Мінадукацыі, мясцовых органаў улады, даюць зразумець людзям, што яны не адны ў гэтым жыцці, што яны могуць спадзявацца і разлічваць на дапамогу любога дарослага чалавека, звычайны настаўнік гэта або чыноўнік такога ўзроўню", - падкрэсліў дырэктар Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу Андрэй Дубаневіч.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 16 снежня. Цэнтральнай падзеяй акцыі стане дабрачыннае навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. На галоўную ёлку краіны запрошаны амаль 2,4 тыс. дзяцей ва ўзросце 8-14 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Значнай падзеяй акцыі стане і навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці, куды запрошаны больш за 300 навучэнцаў устаноў адукацыі - школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі