31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На палігоне Лосвіда завяршыліся выпрабаванні на права ўзнагароджання ваеннаслужачых нагрудным знакам "Доблесць і майстэрства". Упершыню ў гісторыі Узброеных Сіл Беларусі ўзнагароду атрымала дзяўчына-ваеннаслужачая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Наталля Анішчук - старшы механік-тэлеграфіст гвардыі, малодшы сяржант кантрактнай службы з 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Дзяўчына на працягу чатырох дзён нараўне з мужчынамі праходзіла ўсе выпрабаванні і ўвайшла ў лік 19 удзельнікаў, якія паспяхова пераадолелі шматлікія перашкоды. Практычна на ўсіх сямі этапах Наталля Анішчук атрымала адзнакі "выдатна". Цяпер яна па праву будзе насіць на кіцелі знак "Доблесць і майстэрства" - сімвал мужнасці і гонару, пашаны і павагі таварышаў па службе.
У рэжыме нон-стоп удзельнікі выпрабаванняў здавалі каля 40 тэстаў і нарматываў па прадметах баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі. У разлік таксама бралі вынікі агнявой, тапаграфічнай, паветрана-дэсантнай, ваенна-медыцынскай, радыё- і інжынернай падрыхтоўкі, РХБ аховы. Праводзілася дэсантаванне з верталёта, рух па азімутах па перасечанай мясцовасці і 30-кіламетровы марш-кідок, пошук аб'екта. Фінальны дзень выпрабаванняў пачаўся з інжынернай падрыхтоўкі. Удзельнікам трэба было падарваць канструкцыю, вызначаную жэрабем. З гэтым выпрабаваннем Наталля Анішчук таксама справілася на выдатна. Пасля стральбы з пісталета, гранатамёта, снайперскай вінтоўкі і кулямёта было арганізавана заключнае выпрабаванне. Неабходна было пераадолець складаную дыстанцыю з паласой перашкод, воднай перашкодай і спарынгамі па рукапашным баі.
Напярэдадні практычнага этапу Наталля Анішчук падзялілася эмоцыямі і расказала аб матывацыі. "Калі мне прапанавалі прайсці выпрабаванні на знак "Доблесць і майстэрства", я вырашыла, што гэта не для дзяўчат. Цяжка і складана. Але потым, калі было прынята рашэнне ўдзельнічаць, пачалася доўгая падрыхтоўка. Стала цікава: змагу ці не? Захацелася даказаць, што мы зусім не горшыя за мужчын-ваеннаслужачых. На шчасце, усё атрымалася", - адзначыла яна.-0-