4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 2 тыс. абітурыентаў падалі заявы ў першы дзень рэгістрацыі на ЦТ, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.
"Абітурыенты праявілі дастатковую актыўнасць, нават крыху большую, чым у мінулым годзе. Больш за 2 тыс. чалавек зарэгістраваліся ўжо ў першы дзень", - расказаўЮрый Міксюк.
У бягучым годзе ў сувязі з эпідабстаноўкай заявы ад абітурыентаў прымаюцца па электроннай пошце. Абітурыент падае заяву на свой выбар на адной з дзяржаўных моў Беларусі. Форма размешчана на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Заява павінна быць запоўнена ў электронным выглядзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі інструкцыі і адаслана з асабістага электроннага адраса абітурыента па 1 чэрвеня (да 18.00) на адрас электроннай пошты аднаго з пунктаў рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ. Адрасы электроннай пошты пунктаў рэгістрацыі, куды неабходна адправіць заяву, інструкцыя па яе запаўненні і ўзор ёсць на сайце РІКВ.
Не пазней за адзін рабочы дзень з моманту паступлення заявы (для тых, што паступяць 1 чэрвеня, гэта будзе 19.00 таго ж дня) пункт рэгістрацыі адправіць на адрас электроннай пошты абітурыента асабовы рахунак. Ён патрэбны для ўнясення платы за прыём і афармлення дакументаў для ўдзелу ў ЦТ (акрамя льготнай катэгорыі грамадзян).
Каб не дапускаць масавага скопішча людзей, пункты рэгістрацыі арганізуюць папярэдні запіс (фарміруюць электронную чаргу). Перад іх наведваннем неабходна азнаёміцца з інфармацыяй па гэтым пытанні на сайце пункта рэгістрацыі, куды абітурыент выслаў заяву для ўдзелу ў ЦТ. Забіраць пропускі на тэсціраванне абітурыент павінен асабіста ў прапанаваныя яму дату і час. Пры сабе трэба мець дакумент, што засведчвае асобу (пашпарт, пасведчанне на права жырства, пасведчанне бежанца), або даведку, што выдаецца ў выпадку іх страты або крадзяжу.
Абітурыенты, з якіх плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ не бярэцца, таксама запаўняюць анкету і высылаюць яе на адрас электроннай пошты пункта рэгістрацыі. Пасля гэтага яны павінны ў прапанаваныя ім тэрміны асабіста забраць пропускі, маючы пры сабе, акрамя пашпарта, пасведчання на права жыхарства і г.д., дакументы, што пацвярджаюць права на льготу.
Працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля таго, як абітурыент атрымае пропускі.
Пры жаданні можна змяніць прадметы для здачы на ЦТ. Калі заява адпраўлена, а рэгістрацыя яшчэ ідзе, то аб сваім рашэнні абітурыент павінен паведаміць, калі прыйдзе ў пункт рэгістрацыі. Калі пропускі ўжо на руках, то трэба будзе зноў забраніраваць дату і час наведвання пункта рэгістрацыі, у якім яны былі аформлены, і асабіста перарэгістравацца.
У кожным пункце рэгістрацыі арганізавана работа гарачай лініі для інфармацыйнай падтрымкі абітурыентаў па ўсіх пытаннях рэгістрацыі і праходжання ЦТ.
"Такая форма падачы заявы практыкуецца ўпершыню. Раней усе пытанні вырашаліся ў працэсе гутаркі з абітурыентамі, цяпер усё даводзіцца вырашаць дыстанцыйна. Але ўсё працуе, і пакуль невырашальных пытанняў няма", - адзначыў дырэктар РІКВ.-0-