Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2025, 16:59

У Беларусі плануецца скарэкціраваць заканадаўства ў сферы перавозак пасажыраў аўтамабілямі-таксі

Фота з архіва
Фота з архіва
21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца ўдасканаліць заканадаўства ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню аўтамабіліста і дарожніка, у прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Андрэй Гладкі.

З 2024 года ў рэспубліцы функцыянуе рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. У ведамстве адзначаюць станоўчы эфект ад рэалізацыі ўказа Прэзідэнта нумар 32, які ўстанавіў новыя правілы.

"Мы бачым, што на сённяшні момант рынак збалансаваны.Спачатку ўзнікалі пэўныя пытанні. Не ўсе перавозчыкі прынялі як належнае неабходнасць уключэння ў рэестр. Быў пэўны пераходны перыяд у гэтым плане. Цяпер, калі гаварыць пра сферу перавозак аўтамабілямі-таксі, з'явілася нейкая канстанта як у частцы транспартных сродкаў, так і ў частцы вадзіцеляў", - расказаў Андрэй Гладкі.

Ён дадаў, што лічбы вар'іруюцца. У перавозках задзейнічаны амаль 36 тыс. вадзіцеляў і 27 тыс. аўтамабіляў-таксі. "На жаль, ёсць яшчэ асобныя перавозчыкі, якія дапускаюць парушэнні заканадаўства. Гэта звязана з прыпыненнем знаходжання звестак у рэестры. Калі перавозчыкі не рэагуюць, не збіраюцца ўстараняць дапушчаныя парушэнні, то прымаецца такая мера, як выключэнне звестак з рэестра. Нанава ўключыцца магчыма пасля заканчэння шасці месяцаў", - растлумачыў Андрэй Гладкі.

У міністэрства паступаюць прапановы па пераглядзе норм. Яны датычацца ў тым ліку скарачэння тэрміну выключэння звестак з рэестра. Разглядаецца магчымасць яго змяншэння з шасці месяцаў да трох. "Вядзецца падрыхтоўка адпаведнага праекта ўказа кіраўніка дзяржавы, дзе мы сумесна з бізнес-супольнасцю, зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі будзем прапаноўваць пэўныя пытанні", - адзначыў Андрэй Гладкі, дадаўшы, што ўсё больш удзельнікаў рынку дзейнічаюць добрасумленна, таму ў ведамстве гатовы ісці па шляху аслаблення патрабаванняў.

Начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса таксама раскахаз аб унясенні змяненняў у правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў, дзе прапануецца скарэкціраваць некаторыя палажэнні. У прыватнасці, размова ідзе аб адыходзе ад навучальных курсаў для вадзіцеляў таксі, якія цяпер неабходны для ўключэння ў рэестр. "Але што датычыцца бяспекі, плануем пакінуць патрабаванне аб неабходнасці павышэння кваліфікацыі раз у пяць гадоў. Гэта важна. Які б ні быў прафесіянал, не кожны вадзіцель можа праехаць і здаць тыя фігуры на аўтадроме, якія прадугледжаны ў рамках адпаведнай праграмы", - растлумачыў Андрэй Гладкі.

Яшчэ адзін напрамак - дапрацоўка дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы "Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах". У прыватнасці, разглядаецца пытанне аб тым, каб прадаставіць магчымасць атрымання інфармацыі не толькі суб'ектам, якія знаходзяцца ў рэестры, але і лізінгавым кампаніям. Яны па сутнасці з'яўляюцца ўладальнікамі транспартных сродкаў і па дагаворы лізінгу перадаюць іх перавозчыку.

"Будуць унесены пэўныя змяненні і ў Падатковы кодэкс у частцы падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выконваюць перавозкі аўтамабілямі-таксі. Устаноўлены адзіны падатак. Адпаведная работа праводзіцца Міністэрствам па падатках і зборах", - звярнуў увагу Андрэй Гладкі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі