Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 ліпеня 2024, 13:07

Такога ў СНД не робіць больш ніхто. Якая прадукцыя "Світанка" прэтэндуе на Знак якасці

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар ААТ "Світанак" Юрый Лукашэвіч у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" расказаў аб імкненні прадпрыемства атрымаць Знак якасці і падзяліўся планамі па тэхнічным перааснашчэнні вытворчасці.

У бягучым годзе фабрыка стала ўладальнікам прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці. Кіраўнік перакананы, што гэта вялікі крок на шляху да атрымання яшчэ больш значнай узнагароды - Знака якасці, заснаванага ў краіне ў 2024 годзе. "Наш калектыў нацэлены на тое, каб не проста ўдзельнічаць у гэтым конкурсе. У нас ёсць усе перадумовы атрымаць Знак якасці да канца бягучага года", - упэўнены Юрый Лукашэвіч.

Як растлумачыла начальнік аддзела тэхнічнага кантролю фабрыкі "Світанак" Алена Ждан, на саісканне Знака якасці можа прэтэндаваць адзенне для дзяцей ясельнага ўзросту з аксамітападобнага палатна. "Мы адзіныя на постсавецкай прасторы, хто ажыццяўляе выпуск гэтага віду палатна", - падкрэсліла яна.

Каб падаць заяўку на саісканне прэстыжнай узнагароды, недастаткова аднаго толькі жадання ці ўпэўненасці ў якасці сваёй прадукцыі. Яе ўнікальныя характарыстыкі трэба пацвердзіць фактамі, вынікамі незалежных даследаванняў і экспертыз. "Падацца на Знак якасці няпроста - узяў любы выраб і падаў. Трэба заявіць пра яго ўласцівасці, паказаць, што ён цікавы, што мае ўсе (заяўленыя. - Заўвага БЕЛТА), што ён цікавы і ўнікальны для пакупніка", - растлумачыла Алена Ждан.

"Калі з'яўляецца на свет маленькі чалавечак, яго трэба ахутаць любоўю і клопатам. Усе вырабы як для нованароджаных, так і для ясельнай, падлеткавай, школьнай груп, выраблены з любоўю і клопатам. Усе нашы вырабы - са стапрацэнтнай бавоўны прэміяльнага класа "пенье". Яны вельмі мяккія, тактыльныя, прыемныя навобмацак. Адапавядаюць усім патрабаванням гіграскапічнасці і вільгацепранікальнасці", - звярнула ўвагу спецыяліст.

Паводле яе слоў, далёка не ўсе вытворцы дзіцячага адзення могуць пахваліцца такім наборам характарыстык, а галоўнае - захаваннем усіх патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да адзення ясельнага асартыменту. "У нас жа ёсць усе пацвярджальныя дакументы, якія дадзены незалежнымі акрэдытаванымі лабараторыямі Мінска. Нашы асартыменты бяспечныя, экалагічныя ў выкарыстанні, гіпаалергенныя", - растлумачыла Алена Ждан.

Адна з прычын, па якой "Світанку" доўгі час удаецца вытрымліваць стандарты высокай якасці прадукцыі, - наяўнасць уласнага поўнага вытворчага цыкла, пачынаючы ад вязання палатна, яго афарбоўвання, нанясення друку і ўнікальных прынтоў, распрацаваных мастакамі прадпрыемства, і заканчваючы пашывам гатовага вырабу.

Такі патэнцыял дазволіў фабрыцы паспяхова вытрымаць няпростыя часы, калі раптам былі парушаны многія лагістычныя ланцужкі і закрыты асвоеныя раней экспартныя рынкі. "У некаторых прадпрыемстваў узнікалі праблемы з пастаўкамі сыравіны, тканіны, палатна. У нас такіх праблем не ўзнікала, таму што мы праводзім гэту работу самастойна, - растлумачыў дырэктар фабрыкі. - "Світанак" працуе па поўным цыкле: мы самастойна вырабляем трыкатажныя палотны і вырабляем адзенне".

Юрый Лукашэвіч не ўтойвае, што на пэўным этапе былі цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі, давялося "перагледзець сваю стратэгію і знайсці новыя магчымасці для таго, каб прадаваць прадукцыю". "Перыяд быў даволі складаны для ўсіх прамысловых прадпрыемстваў, для лёгкай прамысловасці ў тым ліку. Асабліва для тых прадпрыемстваў, якія былі арыентаваны на рынкі еўрапейскіх краін, Украіну", - адзначыў ён.

Выйсце было знойдзена ў больш інтэнсіўным асваенні рынку дружалюбных краін, у першую чаргу Расіі. З гэтай мэтай зарэгістравана даччынае прадпрыемства ў Смаленску. "Калі на ўнутраным рынку для нас усё зразумела, мы прадаўжаем развіваць унутраную сетку і за год адкрываем каля 20 магазінаў, то на рынку Расіі мы больш рабілі стаўку на нашых партнёраў. Але з 2020 года мы сталі самастойна адкрываць рознічныя магазіны, шукаць новых кліентаў і разглядаць новыя каналы рэалізацыі, - расказаў Юрый Лукашэвіч. - Дзякуючы таму, што мы змаглі за кароткі час перабудавацца, сёння ў "Світанка" няма спаду па экспарце прадукцыі, мы спраўляемся з пастаўленымі задачамі, стабільна загружана вытворчасць".

Цяпер прадпрыемства фарміруе стратэгію на бліжэйшыя 7-8 гадоў. Плануецца ў тым ліку замена ўстарэлага абсталявання. І пакуль узаемадзеянне з еўрапейскімі партнёрамі выбудоўваецца вельмі складана, фабрыка робіць стаўку ў першую чаргу на супрацоўніцтва з Кітаем.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі