Сцяг Чацвер, 12 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 сакавіка 2024, 12:54

Такога монстра ў Беларусі яшчэ не было. Доследны ўзор абяцаюць вырабіць на ММЗ у 2025 годзе

На прадпрыемстве. Скрыншот відэа
На прадпрыемстве. Скрыншот відэа
27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік канструктарскага бюро рухавікоў спецыяльнага прызначэння ўпраўлення галоўнага канструктара Мінскага маторнага завода Аляксандр Нікішаў расказаў у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" аб новай распрацоўцы прадпрыемства - звышмагутным рухавіку.

Спецыяліст звярнуў увагу, што стварэнне новага рухавіка - працаёмкі, складаны працэс працягласцю ў сярэднім каля пяці гадоў. На ММЗ гэту работу пачалі ў 2020 годзе. "Кіраўніцтвам завода было прынята рашэнне аб стварэнні лінейкі новых звышцяжкіх рухавікоў вялікай размернасці. Пад гэтыя мэты было створана новае канструктарскае бюро, і мы пачалі распрацоўку новага рухавіка", - растлумачыў ён.

Прызначаны новы прадукт перш за ўсё для айчыннай галіны цяжкага машынабудавання. У першую чаргу для кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 220-290 т. Тым больш запатрабаваным гэты рухавік становіцца пасля ўвядзення санкцый адносна Беларусі і спынення паставак сюды некаторых імпартных рухавікоў. Ёсць таксама вялікая зацікаўленасць з боку расійскіх прадпрыемстваў.

На гэты час спецыялісты ММЗ ужо распрацавалі поўны камплект канструктарскай дакументацыі, выраблена вялікая колькасць загатовак. Цяпер ідзе апрацоўка загатовак і выраб дэталей. У гэтым годзе павінен з'явіцца першы доследны ўзор. "Цяпер набіраецца ўся наменклатура дэталей, каб пачаць зборку. Арыенціровачна мы разлічваем, што да 2025 года ў нас будзе поўнасцю сабраны гатовы ўзор для таго, каб можна было ўжо атрымліваць вынікі выпрабаванняў", - расказаў Аляксандр Нікішаў.

Для выпрабаванняў рухавіка на заводзе пабудавалі спецыяльны бокс. Магутнасць матораў, якія могуць выпрабоўваць на гэтым абсталяванні, дасягае практычна 5,5 тыс. конскіх сіл. "Такога ў Беларусі ніколі раней не было. Унікальнае абсталяванне", - падкрэсліў спецыяліст. Рабочы аб'ём V16 амаль у 9 разоў перавышае аб'ём самага магутнага серыйна выпускаемага рухавіка ММЗ і амаль у 40 разоў - рухавіка сярэднестатыстычнага легкавога аўтамабіля. Яго даўжыня перавышае 3 м, а вышыня і шырыня больш як 2 м. "Беларусь ніколі не распрацоўвала такіх вялікіх рухавікоў. А цяпер мы ствараем такі прадукт, такога монстра", - заявіў Аляксандр Нікішаў. Для параўнання: рабочы аб'ём чатырохцыліндравага рухавіка Д-245 - 4,75 л, а ў новым V16 рабочы аб'ём толькі аднаго цыліндра будзе 4,3 л, агульны рабочы аб'ём - 69 л.

"Мы яшчэ плануем ствараць выкананні рухавікоў для дызель-генератарных установак. У перспектыве можна разглядаць пытанне прымянення гэтых рухавікоў у якасці галоўных і дапаможных суднавых рухавікоў. Нават можна падумаць наконт лакаматываў, паяздоў і да таго падобнага", - лічыць спецыяліст.

Разам з тым завод не спыняецца на дасягнутым і плануе распрацаваць лінейку рухавікоў на базе V16. Ужо ў рабоце V12. Ён меншы па габарытах, па магутнасці, але таксама неабходны краіне і ў першую чаргу БЕЛАЗу, які выпускае шырокую лінейку кар'ерных самазвалаў, пачынаючы ад грузападымальнасці 20 т і заканчваючы 450 т. На падыходзе і наступны, трэці ўзор - V8, "палавінка" ад V16.

Разважаючы аб тым, ці не знікне ў будучым патрэбнасць у звычайных рухавіках з-за таго, што іх заменяць электрарухавікі, Аляксандр Нікішаў сказаў: "Чамусьці на цяжкай тэхніцы ніхто не спяшаецца актыўна ўкараняць гэтыя новыя распрацоўкі ў плане электрыфікацыі. Так, ёсць спробы рабіць кар'ерныя самазвалы на электрацязе (умоўна - на батарэйках). Але гэта пакуль першыя ўзоры. Наколькі яны будуць запатрабаваныя, эфектыўныя, пакажа час. Прымяненне звычайнага рухавіка ўнутранага згарання на такой вялікай тэхніцы яшчэ будзе доўга заставацца актуальным".-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі