Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лістапада 2024, 10:19

Спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння аўтара тэксту Дзяржаўнага гімна БССР Міхася Клімковіча

Фота vitbichi.by
Фота vitbichi.by
20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, крытыка, драматурга, аўтара тэксту, пакладзенага ў аснову Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, Міхася Клімковіча.

Міхась (Міхаіл Мікалаевіч) Клімковіч нарадзіўся 20 лістапада 1899 года ў в. Сялітранка Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Неманіцкі сельсавет Барысаўскага р-на Мінскай вобл.). У 1915 годзе скончыў Барысаўскае вышэйшае чатырохгадовае педагагічнае вучылішча і здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка.

У 1915-1921 гадах Клімковіч выкладаў у школах Барысаўскага павета. З 1921 па 1923 год ён служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці, потым займаўся партыйнай і прафсаюзнай работай.

У 1932-1934 гадах Міхась Клімковіч быў старшынёй аргкамітэта па стварэнні Саюза пісьменнікаў БССР, а ў 1934-1939 гадах быў першым старшынёй гэтага саюза. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, ён унёс значны ўклад ва ўмацаванне пісьменніцкай супольнасці і актыўна садзейнічаў развіццю творчага патэнцыялу беларускіх пісьменнікаў. У 1943 годзе Клімковіч пайшоў у партызанскі атрад "За Радзіму", адкуль быў перапраўлены ў Маскву. У 1943-1947 гадах быў галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве, затым у Мінску. Пасля гэтага да 1954 года працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР і адначасова ўзначальваў камісію па рабоце з маладымі аўтарамі.

Займацца літаратурнай творчасцю Клімковіч пачаў рана. Яшчэ ў час вучобы ў вучылішчы ён публікаваў свае вершы ў рукапісным часопісе. Міхась Клімковіч пісаў вершы, апавяданні, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы, сатырычныя творы, займаўся перакладамі. Найбольш поўна яго талент праявіўся ў драматургіі. Адным з яго самых вядомых твораў з'яўляецца трылогія "Георгій Скарына". Шматгранны вопыт Клімковіча аказаў глыбокі ўплыў на яго літаратурную творчасць, узбагаціўшы творы жыццёвымі назіраннямі.

Міхась Клімковіч таксама актыўна працаваў у жанры опернай і балетнай драматургіі. Ён напісаў некалькі лібрэта опер і балета. Акрамя таго, Клімковіч вядомы і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Ён унёс значны ўклад у даследаванне беларускай літаратуры.

Літаратурная спадчына Клімковіча налічвае шмат вершаў, некаторыя з іх былі пакладзены на музыку вядомымі кампазітарамі і сталі папулярнымі песнямі. Міхась Клімковіч з'яўляецца аўтарам тэксту Дзяржаўнага гімна БССР (музыка Н.Сакалоўскага). У 2002 годзе тэкст гімна быў перапрацаваны Уладзімірам Карызнам з улікам новых рэалій і прыняты ў якасці Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Памёр Міхась Клімковіч 5 лістапада 1954 года. Пахаваны ў Мінску на Ваенных могілках.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі