Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2025, 12:48

Саўмін зацвердзіў пералік праводзімых у Беларусі міжнародных і рэспубліканскіх культурных мерапрыемстваў

Фота з архіва
Фота з архіва
21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў зацвердзіў пералік міжнародных і рэспубліканскіх цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі на рэгулярнай аснове. Адпаведная пастанова ўрада нумар 572 ад 17 кастрычніка 2025 года апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Усяго ў спісе 76 пунктаў. Пры неабходнасці для развіцця сферы культуры ён будзе пашыраны. Для гэтага Міністэрству культуры трэба ўнесці прапановы ўраду.

У пералік увайшлі такія значныя падзеі, як мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", Фестываль мастацтваў беларусаў свету, міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер", фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" у Гомелі, фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны", фестываль Юрыя Башмета, Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва.

Таксама ў яго ўключаны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", міжнародны фестываль "Беларуская музычная восень", міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары", міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", міжнародны фестываль духавой музыкі "Беларускія фанфары", маладзёжны тэатральны форум "М.art.кантакт", міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", міжнародны фестываль фальклору "Мотальскія прысмакі", міжнароднае свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы" і інш.

Акрамя таго, у спісе значацца міжнародныя конкурсы, форумы, святы, пленэры і рэспубліканскія мерапрыемствы, у тым ліку каравай-фэст "Бацькава булка", нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, фестываль-конкурс моды і фота "Млын моды", Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, нацыянальны конкурс прыгажосці "Міс Беларусь", свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), Дзень беларускага пісьменства, тэатральная, літаратурная прэміі і інш.

Што датычыцца аднаразовых міжнародных і рэспубліканскіх цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, то яны могуць поўнасцю або часткова фінансавацца з рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў. Рашэнне аб іх правядзенні павінна быць прынята Саветам Міністраў.

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана ў трохмесячны тэрмін прывесці нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з пастановай і прыняць меры па яе рэалізацыі. Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі