Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 мая 2019, 19:40

Праверку на паліграфе могуць увесці пры прыёме на пасады з павышанымі карупцыйнымі рызыкамі

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вывучаюць магчымасць увядзення механізма праверкі з выкарыстаннем паліграфа ў адносінах да кандыдатаў на пасады з павышаным узроўнем карупцыйных рызык, паведаміў журналістам начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта прапанова павінна быць разгледжана ў першым паўгоддзі. Будуць улічвацца меркаванні ўсіх дзяржорганаў.

Таксама вывучаюць мэтазгоднасць устанаўлення забароны для пэўных катэгорый службовых асоб займаць пасады ў тых арганізацыях, што знаходзіліся ў іх пад кантролем да моманту іх звальнення са службы. У заканадаўства могуць увесці такое паняцце, як звальненне з дзяржаўнай службы ў сувязі са стратай даверу. Гэтыя пытанні па рашэнні рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якая прайшла 21 снежня 2018 года пад старшынствам генпракурора Аляксандра Канюка, неабходна вывучыць у бягучым годзе.

Акрамя таго, кампетэнтным органам даручана распрацаваць і ўкараніць спецыяльныя праграмы па пытаннях процідзеяння карупцыі ва ўсіх сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Навучанне пройдуць і спецыялісты, якія ажыццяўляюць закупкі, члены антыкарупцыйных камісій, а таксама работнікі кадравых і іншых службаў.

Цяпер у мэтах дапамогі дзяржаўным службовым асобам Генпракуратура распрацоўвае тыпавыя метадычныя рэкамендацыі па антыкарупцыйнай дзейнасці ў дзяржаўных і іншых органах. У бліжэйшы час гэты дакумент будзе накіраваны ім для выкарыстання.

Савет Міністраў сумесна з Генпракуратурай падрыхтаваў змяненні ў тыпавое палажэнне аб дзейнасці антыкарупцыйнай камісіі. 30 красавіка адпаведныя змяненні былі падпісаны кіраўніцтвам урада. Узначальваць такія камісіі будзе кіраўнік арганізацыі. У сувязі з гэтым змяніліся і іх паўнамоцтвы. "Лічу, што ўсе кіраўнікі арганізацый, дзе створаны гэтыя антыкарупцыйныя камісіі, павінны прыняць меры па прывядзенні ў адпаведнасць з гэтай пастановай Савета Міністраў адпаведныя лакальныя нарматыўныя прававыя акты і забяспечыць належную дзейнасць і работу гэтага структурнага органа", - адзначыў Ігар Грэйба.

У цэлым Генпракуратура пастаянна праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на процідзеянне карупцыі, у першую чаргу звязаныя з прафілактычным і папераджальным складнікам. Як сказаў начальнік упраўлення, рэзультаты пракурорскіх праверак сведчаць аб шматлікіх парушэннях антыкарупцыйнага заканадаўства ў дзейнасці дзяржаўных і іншых органаў. Пракуроры адзначаюць няведанне кіраўнікамі антыкарупцыйнага заканадаўства, у выніку - нізкая патрабавальнасць да падначаленых па яго выкананні. У шэрагу выпадкаў дзейнасць антыкарупцыйных камісій фармальная, належным чынам не наладжана прафілактычная работа. Ёсць пралікі ў кадравай дзейнасці: на кіруючыя пасады назначаюцца людзі, якія не валодаюць прафесіянальнымі якасцямі, маюць нізкі ўзровень правасвядомасці і маральнасці.

Для ўзмацнення прафілактычнага складніка па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе прайшлі пазапланавыя пасяджэнні аблвыканкамаў, у якіх прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня КДБ і генпракурор. На пасяджэннях былі выпрацаваны рашэнні, накіраваныя на ўстараненне прычын і ўмоў, што прыводзяць да карупцыйных злачынстваў. Цяпер органы пракуратуры правяраюць выкананне гэтых рашэнняў.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, у Беларусі за 2018 год значна вырасла колькасць выкрытых карупцыйных злачынстваў - плюс 31 працэнт да ўзроўню 2017 года. Рост абумоўлены павышэннем эфектыўнасці дзейнасці праваахоўных органаў. Да адказнасці прыцягнулі 1089 карумпіраваных службовых асоб, у тым ліку 29 асоб, якія займалі адказнае становішча, больш за 30 былі работнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выкрыта ў сферах транспарту, будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі