Развод бацькоў выступае адной з найбольш стрэсавых падзей у жыцці дзіцяці, сцвярджаюць псіхолагі. Пры гэтым дзеці часта адчуваюць пачуццё віны, закінутасці, у іх з'яўляюцца складанасці ў паводзінах і адносінах з навакольнымі. У такіх абставінах на дапамогу павінен прыйсці прафесіянал. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны распрацавалі праграму псіхалагічнай дапамогі дзецям разведзеных бацькоў. Аб нюансах узаемадзеяння з падлеткамі, якія трапілі ў траўміруючыя абставіны, карэспандэнту БЕЛТА расказала аўтар навуковага даследавання аспірант кафедры псіхалогіі факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны Яніна Свіла. За гэту распрацоўку аўтар ўдастоена стыпендыі Прэзідэнта.
- Чаму вы выбралі гэту тэму для даследчай дысертацыі?
- Тэма нашай работы звязана з вельмі актуальнай для грамадства праблемай разводаў. Паводле даных статыстыкі, крах церпяць каля 70 працэнтаў зарэгістраваных шлюбаў. Развод бацькоў выступае адной з найбольш стрэсавых падзей у жыцці дзіцяці. І задача псіхолага - дапамагчы маленькаму чалавеку ў гэтай складанай жыццёвай сітуацыі. Каб рабіць гэта з найбольшай эфектыўнасцю, мы правялі навуковае даследаванне і распрацавалі спецыяльную праграму. Яна дае магчымасць аказваць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу падлеткам, каб развод бацькоў быў перажыты з меншымі стратамі для іх. Наша распрацоўка накіравана на развіццё саўладальных паводзін дзіцяці, аднаўленне яго эмацыянальнай стабільнасці, пашырэнне магчымасцей сацыяльнай падтрымкі ў міжасобасных адносінах.
Акрамя псіхолагаў, распрацаваная намі праграма будзе карыснай і звычайным настаўнікам. У дысертацыйным даследаванні мы параўноўвалі дзяцей з разведзеных сем'яў і дзяцей, якія жывуць з абодвума біялагічнымі бацькамі, аналізавалі іх розніцу. Было выяўлена, што ў дзяцей разведзеных бацькоў сацыяметрычны статус ніжэйшы, інакш кажучы, аднакласнікамі яны ўспрымаюцца горш, у іх менш сяброў у дзіцячым калектыве, яны радзей становяцца лідарамі. Таму намі былі дадзены рэкамендацыі класным кіраўнікам па рабоце з такімі дзецьмі. Мы падкрэслілі важнасць уключэння падлеткаў у жыццё класа, каб узаемадзеянне з аднакласнікамі стала якасным і карысным.
- У чым сутнасць распрацаванай вамі праграмы? Якога ўзросту дзецям яна падыходзіць? Якія псіхалагічныя прыёмы і тактыкі могуць дапамагчы дзіцяці пераадолець жыццёвы крызіс, звязаны з разводам бацькоў?
- Праграма трэнінгава-карэкцыйных заняткаў разлічана на дзяцей 14-17 гадоў. Гэта старэйшы школьны ўзрост. Работа з падлеткамі павінна праводзіцца на базе сацыяльна-псіхалагічных службаў устаноў адукацыі. Яна ўяўляе сабой групавыя сеансы, пабудаваныя па вызначаным алгарытме: спецыяльны рытуал у пачатку, тэматычная сярэдзіна, рытуал у канцы.
Мэта нашых заняткаў - развіццё сацыяльна-псіхалагічных рэсурсаў асобы дзіцяці. Тут размова ідзе аб адаптыўных копінг-паводзінах ці аб саўладальных паводзінах. Інакш кажучы, гэта тое, што робіць чалавек, каб справіцца са стрэсам. У рэсурсную сферу дзіцяці таксама ўваходзіць суб'ектыўны дабрабыт або задаволенасць жыццём, сацыяльная падтрымка, эмацыянальны інтэлект і міжасобасныя ўзаемаадносіны.
Што датычыцца развіцця эмацыянальнага інтэлекту, наша праграма прызначана навучыць дзіця распазнаваць свае эмоцыі, эмоцыі іншых людзей, а таксама прычыны гэтых перажыванняў. Гэтаму ў нас прысвечаны не адзін занятак. Падчас іх мы часта абмяркоўваем узаемаадносіны, якія склаліся ў падлетка з бацькамі, з аднакласнікамі, з педагогамі.
- Ці існуюць такія праграмы аказання псіхалагічнай дапамогі дзецям разведзеных бацькоў? Чым яны адрозніваюцца ад вашай?
- Існуе шмат праграм для работы з рознымі катэгорыямі дзяцей і рознымі праблемамі ў іх. Наша навізна ў тым, што мы аб'ядналі праблемы дзяцей з пункту гледжання рэсурснасці. Гэта значыць, мы не проста развіваем эмацыянальны інтэлект дзіцяці, мы працуем з усімі састаўнымі часткамі яго рэсурснай сферы, каб павысіць яе агульны ўзровень.
- Дзе працуе ваша праграма? Як доўга? Ці ёсць вынікі?
- Цяпер распрацаваная праграма ўкараняецца ў работу сацыяльна-псіхалагічных службаў устаноў адукацыі Гомеля і вобласці, па ёй праводзіцца навучанне псіхолагаў, якія працуюць непасрэдна з падлеткамі. Работа з дзецьмі пачалася ўжо і вядзецца яна амаль год. Каб гаварыць аб рэзультатыўнасці, павінна прайсці больш часу. У рамках дысертацыі збор даных, якія сведчаць аб эфектыўнасці праграмы, пакуль не праводзіўся. Але мы плануем гэта зрабіць.
- Вы ўпершыню становіцеся стыпендыятам прэзідэнцкага фонду? Як ацэньваеце сваё дасягненне?
- Так, я ўпершыню ўдастоена такой высокай узнагароды. Мне здаецца, гэта самае вялікае дасягненне, якое можа быць у аспіранта, акрамя абароны дысертацыйнага даследавання, вядома. Прызнанне на такім узроўні сведчыць аб тым, што тэма маёй работы актуальная і важная. Гэта вельмі каштоўна для мяне. На працягу ўсёй работы мне аказвалі вялікую дапамогу мой навуковы кіраўнік, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Алена Лупекіна, а таксама загадчыца кафедры псіхалогіі Ірына Сільчанка. Падзякаваць за маральную падтрымку таксама хачу сваёй сям'і. Усё гэта натхняе на новыя здзяйсненні.
БЕЛТА.-0-