Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 мая 2021, 12:43

Першыя дні чэрвеня будуць халаднаватыя - Белгідрамет

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя дні чэрвеня будуць халаднаватыя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Першыя дні каляндарнага лета, на жаль, не парадуюць жыхароў Беларусі летнім цяплом. Халодная паветраная маса, якая паступае з паўночных шырот, абумовіць паніжаны тэмпературны рэжым: 1 чэрвеня ў начны і ранішні час пры слабым ветры і малавоблачным небе месцамі на глебе чакаюцца замаразкі да нуля - мінус 3. У 2020 годзе, дарэчы, пачатак чэрвеня таксама выдаўся халаднаватым: 2 чэрвеня 2020-га ў дзённы час максімумы тэмпературы былі ўсяго плюс 10-17, у сталіцы пры гэтым у разгар дня было толькі плюс 9,5", - расказалі ў Белгідрамеце.

Паводле слоў сіноптыкаў, з 3 чэрвеня надвор'е возьме курс на пацяпленне. З кожным днём тэмпературны фон пачне павышацца. "Але нягледзячы на тое, што летняе цяпло яшчэ давядзецца пачакаць, ёсць і добрыя навіны: пры павышаным фоне атмасфернага ціску на працягу рабочага тыдня істотных ападкаў не чакаецца. Павышаецца верагоднасць кароткачасовых дажджоў толькі ў выхадныя", - гаворыцца ў прагнозе.

У аўторак, 1 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца ўначы няўстойлівы слабы, удзень паўночна-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 2-8 градусаў вышэй за нуль, уначы і раніцай месцамі на глебе магчымы замаразкі да нуля - мінус 3. Удзень будзе 14-20 градусаў цяпла.

У сераду, 2 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні ўмераны, удзень па паўднёвым усходзе парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 4-10 градусаў вышэй за нуль, удзень - 17-22 градусы цяпла.

У чацвер, 3 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы будзе 6-11 градусаў вышэй за нуль, удзень - 18-23 градусы цяпла.

У пятніцу, 4 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе 6-12 градусаў вышэй за нуль, удзень - 18-23 градусы цяпла.

У суботу, 5 чэрвеня, уначы будзе пераважна без ападкаў, удзень у асобных раёнах магчымы невялікі кароткачасовы дождж. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў вышэй за нуль, удзень будзе 19-24 градусы цяпла.

У нядзелю, 6 чэрвеня, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённы час у асобных раёнах навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 9-14 градусаў вышэй за нуль, удзень - 20-25 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі