Аляксандр Лукашэнка і Патрыярх Аляксій ІІ у час наведвання Свята-Васкрасенскага храма-помніка ў Брэсце, чэрвень 2001 года
11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для беларусаў памяць свяшчэнная, і так будзе заўсёды. Упэўненасць у гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказваў неаднаразова. Так было і ў 2001-м, у 60-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тады здавалася, што па-іншаму проста не можа быць. Унікальныя кадры памятных мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта Беларусі і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ, які спецыяльна прыехаў у Брэст, глядзіце ў YouTube-праекце БЕЛТА "Як гэта было: DOC".
З таго дня прайшло крыху больш за 20 гадоў. І ў краінах, народы якіх унеслі неацэнны ўклад у нашу агульную Перамогу, памяць сказілі і вывернулі. Разбурылі манументы, назвалі савецкіх салдат акупантамі. А ў Беларусі памяць па-ранейшаму свяшчэнная. Мы шануем і захоўваем знакавыя для ўсяго чалавецтва мясціны. Сярод іх і Брэсцкая крэпасць - сімвал мужнасці, стойкасці і сілы духу.
Менавіта ў Брэсце ў чэрвені 2001 года адкрыўся Свята-Васкрасенскі сабор. Яго будаўніцтва праходзіла пад патранатам кіраўніка дзяржавы. Асвяціў новы храм і адслужыў у ім першую літургію Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ.
"Мы сабраліся ў гэтыя дні ўшанаваць памяць герояў-пагранічнікаў, якія аддалі свае жыцці пры абароне рубяжоў Айчыны ў першыя дні вайны, - сказаў у чэрвені 2001-га беларускі лідар. - Гэта былі самыя трагічныя з усіх паўтара тысяч ваенных дзён, якія перажылі нашы народы. Незагойнай, кроватачывай ранай застаюцца яны ў нашай памяці, увасабляючы боль страт, гібель мільёнаў людзей - воінаў і мірных грамадзян, старых людзей і бязвінных дзяцей".
Такая велізарная цана, якую паклала Беларусь на алтар Айчыны ў імя свабоды і незалежнасці, нагадаў Прэзідэнт. "Мы ніколі не павінны, не маем права забываць аб гэтым. Для нас няма важней задачы, чым данесці да нашчадкаў бессмяротны подзвіг бацькаў і дзядоў. Цаной свайго жыцця выратавалі яны свет ад карычневай чумы, падарылі людзям планеты светлую будучыню, а нам - гэту свабодную і чыстую зямлю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі ўсклалі вянкі да помніка новага мемарыяльнага комплексу "Вартавым граніц" і наведалі размешчаны ў Брэсцкай крэпасці Свята-Мікольскі гарнізонны храм. Гэтыя і іншыя архіўныя кадры глядзіце ў нашым YouTube-праекце "Як гэта было: DOC".-0-