Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 чэрвеня 2019, 09:35

Насельніцтва Беларусі ў час перапісу 2019 года зможа прайсці апытанне трыма спосабамі

19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам "Погляд на сучаснасць - крок у будучыню", прадаставіць інфармацыю пра сябе і членаў сям'і можна будзе трыма спосабамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Перапіс праводзіцца раз у 10 гадоў. Адметнай асаблівасцю цяперашняга стане магчымасць грамадзян самастойна і ў зручны час запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт. Таксама перапісацца можна будзе на стацыянарных участках. Яшчэ адзін спосаб - у сябе дома - у ходзе вуснага апытання перапісчыка.

Першыя два спосабы будуць даступны ўжо з 4 кастрычніка. Перапіс праз інтэрнэт прадоўжыцца па 18 кастрычніка - гэта самы хуткі і зручны спосаб, адзначаюць у Белстаце. Прычым не трэба нікому агучваць інфармацыю пра сябе, спяшацца пры запаўненні апытальнага ліста пры дапамозе спецыяльнай праграмы. Гэта можна зрабіць нават знаходзячыся на адпачынку за межамі Беларусі.

Анкета складзена так, што інфармацыя прадастаўляецца пра ўсіх членаў дамашняй гаспадаркі (сям'і), якія пражываюць сумесна. Персанальныя даныя аб непаўналетніх дзецях паведамляюцца іх бацькамі (апекунамі, папячыцелямі) або дарослымі членамі дамашняй гаспадаркі. Можна перапісаць праз інтэрнэт і сваіх пажылых сваякоў, бабуль і дзядуль.

Інфармацыя аб тым, як уваходзіць у праграму і карыстацца ёю, будзе размешчана пазней на інфармацыйных лістоўках, у жыроўках, праз СМІ.

З 19 па 20 кастрычніка будзе ісці падлік рэспандэнтаў, якія перапісаліся праз інтэрнэт. Іх адрас, як і адрасы сваякоў, за якіх запоўнілі перапісныя лісты інтэрнэт-карыстальнікі, будуць выключаны з пераліку для наведвання перапісчыкамі.

Стацыянарныя ўчасткі будуць працаваць штодзень увесь перыяд перапісу- з 4 па 30 кастрычніка.

З 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі апытаюць рэспандэнтаў па месцы жыхарства або знаходжання.

Каб пазбегнуць кантакту з махлярамі важна помніць, што ў сапраўднага перапісчыка будзе сумка з лагатыпам, планшэт і пасведчанне. Можна скараціць час вуснага апытання, назваўшы перапісчыку свой ідэнтыфікацыйны нумар. Гэта дасць магчымасць загрузіць значны аб'ём даных з рэгістра насельніцтва - прозвішча, імя, імя па бацьку, дату і месца нараджэння, пол, грамадзянства (падданства), месца жыхарства і (або) месца знаходжання. Г.зн. аўтаматычна запоўняцца адпаведныя графы перапіснога ліста.

Абарона асабістай інфармацыі пры перапісе гарантуецца. Даныя пасля заканчэння апытання перадаюцца па абароненым канале сувязі на сервер Белстата і аўтаматычна выдаляюцца з планшэтнага камп'ютара. Сам перапісчык пасля працэдуры не можа іх праглядаць або рэдагаваць. Канфідэнцыянальная інфармацыя не падлягае перадачы ў падатковыя і іншыя дзяржаўныя органы, трэцім асобам - адказнасць за захаванасць даных перапісу прадугледжана законам "Аб перапісе насельніцтва".

Усяго грамадзянам прапануюць адказаць на 49 пытанняў: персанальныя даныя, аб сямейным становішчы і сваяцкіх адносінах, аб бесперапыннасці пражывання ў населеным пункце і пражыванні на працягу года і больш у іншай краіне; пра родную мову і мову, на якой звычайна размаўляюць дома; атрыманні адукацыі; рабоце ў апошні тыдзень у пачатку перапісу; планаванні нараджэння дзяцей (толькі для жанчын ва ўзросце 18-49 гадоў) і інш.

Упершыню беларусам прапануюць адказаць на пытанні аб сельскагаспадарчай дзейнасці (зямельныя плошчы, пасевы, пагалоўе жывёлы і птушкі). Гэта агульнасусветная практыка аб'ектыўнага даследавання аграрных рэсурсаў краіны. На падставе ў тым ліку гэтых даных будуць распрацоўвацца дзяржаўныя праграмы развіцця сельскай гаспадаркі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі