10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Гулевіч заявіў аб нарастаючай ваеннай пагрозе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"ЗША і іх саюзнікі прадаўжаюць нарошчваць ваенную прысутнасць ля Дзяржаўнай граніцы Беларусі. Створаная групоўка за апошнія шэсць месяцаў вырасла больш як у два разы як у колькасных, так і ў якасных адносінах. З'явіліся ў акваторыях Міжземнага і Балтыйскага мораў групоўкі, якія нясуць крылатыя ракеты марскога паветранага базіравання, павялічана авіяцыйная групоўка ў Польшчы і краінах Балтыі. Усё гэта сведчыць аб нарастаючай пагрозе для Рэспублікі Беларусь", - сказаў Віктар Гулевіч.
Ён таксама адзначыў, што на тэрыторыі Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы праводзіцца шэраг вучэнняў, у тым ліку "Абаронца Еўропы", на якім прадугледжваецца задзейнічаць да 20 тыс. чалавек і вялікую колькасць тэхнікі.
Сумесна з гэтым вучэннем праводзяцца яшчэ сем вучэнняў на тэрыторыі краін, што мяжуюць з Беларуссю. На іх у тым ліку адпрацоўваюцца пытанні па прымяненні разведвальна-дыверсійных сіл, высадцы дэсанту, прымяненні сіл спецыяльных аперацый. Усё гэта, падкрэсліў начальнік Генштаба, яўна не сведчыць аб міралюбнай накіраванасці гэтых вучэнняў.
"Зыходзячы з гэтага, ва Узброеных Сілах Беларусі выпрацаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на процідзеянне магчымым пагрозам. У рамках другога этапу праверкі сіл неадкладнага рэагавання на Заходні і Паўночна-Заходні аперацыйныя напрамкі выстаўлены батальённыя тактычныя групы. Для іх узмацнення накіроўваюцца падраздзяленні проціпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забяспечваць іх баявое функцыянаванне. На Паўднёвым аперацыйным напрамку створаная Узброенымі сіламі Украіны групоўка агульнай колькасцю да 20 тыс. чалавек таксама патрабуе ад нас рэакцыі. Сілы спецыяльных аперацый, якія разгорнуты на трох тактычных напрамках, ажыццяўляюць бяспеку Беларусі, - заявіў Віктар Гулевіч. - Акрамя таго, з сённяшняга дня пад маім кіраўніцтвам праводзіцца праверка двух раёнаў тэрытарыяльнай абароны, разгорнутыя падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў будуць выконваць задачы па ахове важных аб'ектаў".-0-