Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 снежня 2024, 12:52

На каго не распаўсюджваецца зямельная амністыя, удакладнілі ў Дзяржкаммаёмасці

Фота з архіва
Фота з архіва
26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Не ўсе самавольна занятыя людзьмі зямельныя ўчасткі можна ўзаконіць у рамках зямельнай амністыі. Адносна якіх выпадкаў прымаюцца адмоўныя рашэнні, карэспандэнту БЕЛТА растлумачылі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці.

Адмова ў легалізацыі зямельных участкаў звязана перш за ўсё з устаноўленымі горадабудаўнічымі рэгламентамі "чырвонымі лініямі", наяўнасцю абавязковых да захавання патрабаванняў прыродаахоўнага, проціпажарнага і будаўнічага заканадаўства. Улічваецца таксама статус зямель сельскагаспадарчага прызначэння і зямель ляснога фонду. Каб амністыя распаўсюдзілася і на іх, павінна быць адпаведнае рашэнне кіраўніка дзяржавы.

"Частка аблвыканкамаў падрыхтавалі неабходныя распараджэнні, іншыя знаходзяцца ў працэсе. Думаю, кіраўнік дзяржавы падтрымае. Часта падобнае здараецца з дачнымі кааператывамі, садоўніцкімі таварыствамі, дзе людзі паступова падаўжаюць свае ўчасткі ў бок лесу і не заўважаюць, як аказваюцца на землях ляснога фонду. Там землі не заўсёды магчыма ўзаконіць, - растлумачыў старшыня Дзяржкаммаёмасці Дзмітрый Матусевіч. - Аналагічную сітуацыю можна прывесці адносна тэрыторый з прыродаахоўным статусам, дзе прымяняецца ўжо не зямельнае заканадаўства, а прыродаахоўнае, водаахоўнае і гэтак далей. Па гэтай прычыне грамадзяніну адмовяць".

Разам з тым было адзначана, што агульны трэнд, пацверджаны ў час прыёмаў грамадзян (напрыклад, камітэтам землеўпарадкавання Мінскага гарвыканкама) - людзі разумеюць спецыфіку. Кіраўнік Дзяржкаммаёмасці дадаў, што "азлаблення тыя, хто звярнуўся, не дэманструюць".

"Людзі ў большасці сваёй хочуць прайсці праз працэдуру зямельнай амністыі. Многія добраахвотна зносяць агароджы, цяпер жыццёвыя погляды ўжо не тыя, што 20-30 гадоў таму. Мы са свайго боку разам з мясцовымі органамі ўлады зацікаўлены ў максімальнай перадачы зямлі грамадзянам - як у рамках работы са старымі дамамі і пустуючымі ўчасткамі, так і ў рамках зямельнай амністыі", - запэўніў Дзмітрый Матусевіч.

Згодна з інфармацыяй Дзяржкаммаёмасці, ва ўласнасці грамадзян з усяго зямельнага фонду Беларусі знаходзіцца каля 5 працэнтаў зямель.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі