Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лютага 2019, 12:34

МНС запускае праверку смс-апавяшчэння на час "Адзінага дня бяспекі"

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МНС сёння запускае праверку смс-апавяшчэння насельніцтва на час акцыі "Адзіны дзень бяспекі". Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Анатоль Даўгалевец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Мінску сабраўся аргкамітэт акцыі "Адзіны дзень бяспекі", якая пройдзе ў Беларусі з 20 лютага да 1 сакавіка. Яна праводзіцца ўпершыню. У ёй будуць задзейнічаны дзяржаўныя органы, мясцовыя ўлады і грамадскія арганізацыі.

"Ужо сёння запускаем смс-апавяшчэнне насельніцтва. У паведамленні ўказваецца, што праводзіцца праверка сістэмы", - сказаў намеснік міністра.

Будуць праводзіцца прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў. Спецыялісты зробяць акцэнт на навучанні паводзінам ва ўмовах пажараў, аварый, аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Пройдуць вучэнні і трэніроўкі па рэагаванні на НС. Іх правядуць на небяспечных аб'ектах, у будынках з масавым знаходжаннем людзей. Запланаваны праверкі сістэмы апавяшчэння ў тым ліку праз смс, трансляцыя паведамленняў ад МНС у тэлевізійным і радыёэфіры. Розныя ўстановы адпрацуюць бяспечнае правядзенне эвакуацыі з будынкаў.

"Мэта - фарміраванне сумеснымі намаганнямі культуры бяспекі жыццядзейнасці. Запланавана правядзенне ўсімі суб'ектамі прафілактыкі розных мерапрыемстваў на прадпрыемствах краіны, работа з насельніцтвам, падрастаючым пакаленнем", - адзначыў Анатоль Даўгалевец.

Будуць арганізаваны квэсты "Формула бяспекі", інтэлектуальныя гульні "Бяспечны сусед", навучальныя пляцоўкі "Пяць крокаў выратавання", пройдуць конкурсы на лепшую творчую работу, прысвечаную пытанням бяспечнай жыццядзейнасці. Таксама ў планах тэматычныя канцэртныя праграмы і тэатралізаваныя паказы. У структурных падраздзяленнях МНС пройдуць дні адкрытых дзвярэй.

Прадугледжваецца, што "Адзіны дзень бяспекі" будзе праходзіць у краіне двойчы ў год: у лютым і верасні. "Гэта ў нас пробнае мерапрыемства, быў вывучаны агульнаеўрапейскі вопыт правядзення такіх дзён. Ёсць розныя падыходы ў розных краінах, таму ў далейшым мы, магчыма, пяройдзем да правядзення раз у год такога дня", - паведаміў намеснік міністра.

Удзел у акцыі прымаюць МНС, Генпракуратура, Мінэнерга, МУС, Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі, Мінпрацы, Мінжылкамгас, Мінкультуры і мясцовыя органы ўлады. Таксама сярод удзельнікаў розныя арганізацыі і грамадскія аб'яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, АСВОД, "Белая Русь" і БРСМ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі