Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 кастрычніка 2025, 13:38

Міжнародны форум па актыўным даўгалецці сабраў у Мінску больш за 150 удзельнікаў

Фота Мінпрацы
Фота Мінпрацы
2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. II Міжнародны форум па здаровым і актыўным даўгалецці "Здароўе, кар'ера, адпачынак, сям'я" праходзіць у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
Форум сабраў на сваёй пляцоўцы больш за 150 удзельнікаў з амаль 20 краін (афлайн і анлайн), сярод якіх Расія, Узбекістан, ААЭ, Турцыя, Азербайджан, Рэспубліка Карэя, Філіпіны і многія іншыя.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка адзначыла, што мэта форуму заключаецца ў тым, каб вядучыя міжнародныя эксперты падзяліліся інавацыйнымі рашэннямі, новымі падыходамі і тэхналогіямі ў галіне аховы здароўя, герыятрыі і сацыяльнай работы. "Каб мы сумеснымі намаганнямі маглі ў інтарэсах насельніцтва нашых краін пашыраць найноўшыя падыходы да якасці жыцця старэйшага пакалення", - адзначыла яна.

Галоўнае пытанне, на думку Марыны Арцёменка, заключаецца ў тым, каб садзейнічць стварэнню грамадства, якое не толькі клапоціцца аб пажылых людзях, але перш за ўсё стварае магчымасці для ўкладу саміх пажылых людзей у іх здаровае і актыўнае жыццё. "Мы добра разумеем, што пажылыя людзі сёння становяцца ўсё большым сегментам насельніцтва. У нашай краіне ўжо 18 працэнтаў насельніцтва - 65 гадоў і старэй. А да 2030 года кожны пяты беларус перасягне гэту ўзроставую мяжу", - сказала яна, дадаўшы, што гэта агульнасусветная тэндэнцыя.

У Беларусі ўжо шмат зроблена для камфорту старэйшага пакалення, упэўнена намеснік міністра. "Перш за ўсё ў нас укаранёны і працуюць дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты ў сферы аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання. І вельмі важна развіваць гэтыя падыходы. Мы з 2021 года рэалізуем нацыянальную стратэгію "Актыўнае даўгалецце", і як вынік - сёння нашы людзі старэйшага пакалення вельмі актыўна ўключаны ў грамадскае і сацыяльнае жыццё. Яны ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху. Сярэбраных валанцёраў ужо больш за 5 тыс. Базавымі ўстановамі па актыўным даўгалецці з'яўляюцца цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, фактычна ў кожным з іх сёння створаны праграмы актыўнага даўгалецця - ад заняткаў ёгай і скандынаўскай хадзьбой, да танцаў, народных рамёстваў і творчасці", - падзялілася Марына Арцёменка.

Сама праграма таксама не стаіць на месцы. "На наступную пяцігодку ў новай дзяржаўнай праграме ёсць асобная падпраграма "Дабрабыт старэйшага пакалення", накіраваная перш за ўсё на развіццё ўніверсітэта трэцяга ўзросту і сеткі школ актыўнага даўгалецця. Усе гэтыя пытанні прафілактыкі і развіцця сёння ствараюць максімальныя ўмовы для таго, каб людзі старэйшага ўзросту былі сапраўды запатрабаваны і адчувалі сябе камфортна ў сучасным грамадстве", - расказаў намеснік міністра.

Сёння ў ходзе форуму пройдуць пленарныя пасяджэнні і тэматычныя секцыі, прысвечаныя інавацыям для актыўнага даўгалецця, сацыяльнаму дабрабыту пажылых людзей і прагрэсіўным падыходам да комплекснай падтрымкі. Заўтра ўдзельнікаў чакае круглы стол для абмеркавання канкрэтных ідэй сумесных праектаў і наведванне аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры Мінска.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі