1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наймальнікам прадастаўлена права вызваляць работніка ад работы ў сувязі з яго хваравітым станам на тэрмін да трох каляндарных дзён без прадастаўлення бальнічнага або афармлення іншых дакументаў, якія пацвярджаюць хваравіты стан. Падрабязней аб гэтым новаўвядзенні БЕЛТА расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Новаўвядзенне замацавана пунктам 14 указа Прэзідэнта ад 24 красавіка 2020 года нумар 143 "Аб падтрымцы эканомікі".
"Калі работнік адчуў недамаганне, ён можа звярнуцца да наймальніка або іншай службовай асобы, вызначанай у арганізацыі наймальнікам, з просьбай аб вызваленні ад работы ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Тэрмін вызвалення ад работы вызначаецца работнікам па ўзгадненні з наймальнікам і можа складаць адзін, два або тры дні, - удакладнілі ў Мінпрацы і сацабароны. - Вызваленне ад работы без прадастаўлення пацвярджальнага дакумента не можа перавышаць трох дзён сумарна ў перыяд дзеяння ўказа".
Пры гэтым работнікам трэба памятаць, што адсутнасць на рабоце па названых прычынах можа адбывацца толькі па ўзгадненні з наймальнікам.
Парадак узаемадзеяння работніка і наймальніка па рэалізацыі гэтай нормы можа быць замацаваны ў лакальным прававым акце арганізацыі.
Захаванне сярэдняга заработку за перыяд вызвалення ад работы можа быць прадугледжана калектыўным дагаворам, іншым лакальным прававым актам арганізацыі, за выключэннем бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.-0-