29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі правядуць эксперымент па аказанні платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя звыш устаноўленага дзяржавай гарантаванага аб'ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 28 красавіка нумар 253, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
У дакуменце пазначаны пералік дзяржаўных медыцынскіх устаноў, якія ў святы і святочныя дні, аб'яўленыя нерабочымі, выхадныя дні (субота і нядзеля) па жаданні грамадзян будуць аказваць платныя медыцынскія паслугі, якія адносяцца да планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, за выключэннем медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца дзецям, і трансплантацыі органаў і тканак.
Сярод устаноў - 18 бальніц і навукова-практычных цэнтраў: Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, цэнтры "Маці і дзіця" і "Кардыялогія", некалькі бальніц Мінска, а таксама абласныя клінічныя бальніцы і іншыя медустановы.
Міністэрству аховы здароўя даручана да 1 ліпеня 2023 года прааналізаваць вынікі эксперымента і прадставіць справаздачу ўраду з прапановамі аб удасканаленні парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржустановах аховы здароўя.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-