9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Партнёрскае пагадненне паміж Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, а таксама план сумесных дзеянняў на 2022 год падпісаны сёння. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі.
Подпісы пад дакументам, накіраваным на рэалізацыю дзяржаўных гарантый забеспячэння правоў грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай прававой інфармацыі, паставілі дырэктар НЦПІ Андрэй Мацельскі і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў.
"Нашы арганізацыі звязвае шматгадовае партнёрства ў пытаннях прававога выхавання моладзі. Гэта не толькі садзейнічае прававой асвеце маладога пакалення, але і дапамагае зразумець, што чакае моладзь, якую інфармацыю, у тым ліку прававую, хоча атрымліваць, - адзначыў дырэктар НЦПІ Андрэй Мацельскі. - Наша сумесная работа дапамагае развіваць ужо існуючыя ў краіне прававыя рэсурсы і запускаць новыя праекты. Таму цэнтр будзе прадаўжаць рухацца ў гэтым напрамку ва ўзаемадзеянні з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі".
Паводле яго слоў, прававое выхаванне маладога пакалення - важны напрамак дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. "Падпісваючы сёння пагадненне аб супрацоўніцтве, мы робім упор на тое, што маладыя грамадзяне не толькі павінны ведаць і разумець свае правы, усведамляць адказнасць, але і ведаць, дзе можна атрымаць прававую інфармацыю. Дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы - Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, Дзіцячы прававы сайт, сістэма "Эталон-online" - безумоўна дапамагаюць быць дасведчанымі ў прававой сферы", - дадаў Андрэй Мацельскі.
Аляксандр Лук'янаў адзначыў актыўную ролю цэнтра ў правядзенні асветнай работы і сумесных мерапрыемстваў з БРСМ, выступаючы іх суарганізатарам і інфармацыйным партнёрам. Яскравым прыкладам стаў сумесна праведзены ў снежні 2021 года першы рэспубліканскі прававы турнір "Сіла закону".
Кіраўнікі арганізацый таксама адзначылі эфектыўнае ўзаемадзеянне ў ходзе збору прапаноў грамадзян па праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, дамовіліся аб развіцці і ўдасканаленні дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі з дапамогай укаранення і выкарыстання ў сваёй дзейнасці дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў.
Для рэалізацыі палажэнняў партнёрскага пагаднення на сустрэчы падпісаны план сумесных мерапрыемстваў на бягучы год. Згодна з ім у Беларусі будуць арганізаваны акцыі, конкурсы, прававыя гульні, віктарыны, круглыя сталы, форумы і дыялогавыя пляцоўкі, запланаваны сумесныя валанцёрскія праекты.-0-