Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лістапада 2025, 10:17

"Мастацтва стала выратаваннем". Беларуска ў 55 гадоў занялася жывапісам, яе карціны захоўваюцца ў калекцыях па ўсім свеце

Карціны Алы Касцялецкай выстаўляюць у галерэях не толькі Беларусі, але і Расіі, Еўропы і Амерыкі. Таксама яе работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Праўда, сама мастачка сціпла называе сябе самавучкай. Яна занялася жывапісам усяго сем гадоў таму. Мастацтва стала для Алы сапраўдным выратаваннем, вылечыла яе душу і дапамагло знайсці сябе.

Пасля школы наша гераіня паступіла ў Беларускі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць "кінаапаратура". На трэцім курсе выйшла замуж, а на чацвёртым нарадзіла сына. Акадэмічны водпуск вырашыла не браць і мужна скончыла ВНУ. Старэйшы сын пайшоў у сад у год і тры месяцы, а маладая мама - на работу. Працавала 10 гадоў інжынерам-канструктарам. А пасля другога дэкрэта вырашыла асвоіць прафесію бухгалтара, па якой прапрацавала яшчэ 20 гадоў. Як гаворыць сама Ала, у 55 гадоў яе жыццё змянілася.

"Гэта здарылася, як многае ў жыцці, выпадкова, - прыгадвае наша гераіня. - Калі памёр наш Лёшка, унутры ўтварылася пустата. Здавалася, я гляджу на сябе зверху: жывеш, працуеш, але разумееш, што проста іграеш ролю. Муж стараўся адцягнуць маю увагу, вазіў па магазінах - на шопінг, але нічога не радавала. Неяк у адным гандлёвым цэнтры я ўбачыла карціну па нумарах і захацела паспрабаваць. Мне спадабаўся гэты стан, калі не думаеш, проста глядзіш на нумар і колер фарбы і зафарбоўваеш квадрацікі. Я адчула, што мне гэта хочацца рабіць. У 6 раніцы прачыналася, таму што дрэнна спала ў той час, і да работы крыху памалюю, некалькі мазкоў зраблю".
Гатовыя карціны хутка змянялі адна адну і хутка яна зразумела, што хоча імправізаваць. У доме знайшліся фарбы і палатно. І так з'явілася першая самастойная работа: Ала намалявала сябе з мужам "На парозе вечнасці". За ёй яшчэ адна, другая, трэцяя…
Першыя свае работы Ала дарыла блізкім і сябрам - кожны выбіраў тое, што адклікалася ў сэрцы. Але карцін станавілася ўсё больш. Мастачка выставіла некалькі работ на беларускай анлайн-галерэі, і ў хуткім часе купілі першую яе карціну.

"Тады зразумела: тое, што я раблю, можа падабацца. Карціны ніколі не былі крыніцай прыбытку. Проста настаў час адпускаць іх, - гаворыць Ала і прызнаецца, што доўга не адважвалася назваць сябе мастачкай. - Унучка неяк сказала: "Я ўсім кажу, што ў мяне бабуля - мастак". І тут я задумалася".
З дапамогай унучкі завяла свае першыя старонкі ў сацсетках, і пачаўся новы этап: удзел у выставах, стварэнне сайта, вываз карцін за мяжу. За апошнія гады яе работы экспанаваліся ў Беларусі, Расіі, Кітаі, Турцыі, Еўропе і ЗША. Дэбют быў яркім: карціна "На краі" на міжнароднай выставе ў Нью-Ёрку атрымала галоўны прыз галерэі.

Наша гераіня верыць: кожны чалавек несвядома цягнецца да прыгажосці. Але не ўсе чуюць гэты кліч. 
"У момант, калі мне было ўсё нецікава, мастацтва абудзіла ўва мне цягу да жыцця. Я дазволіла сабе тварыць. Прыгажосць можна бачыць усюды", - упэўнена мастачка.
Ала Касцялецкая - герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Даведаліся ў яе пра паглыбленне ў мастацтва жывапісу, яго вялікасць натхненне і галоўнага крытыка і знатака яе творчасці. Пагаварылі аб галоўных правілах сямейнага жыцця і выпрабаваннях, якія важна пераадольваць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту  
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі