Сцяг Серада, 22 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2025, 14:07

Маштабную выставу да 80-годдзя Перамогі арганізуюць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры

Фота з архіва
Фота з архіва
21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабную выставу да 80-годдзя Перамогі арганізуюць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Аб гэтым заявіў журналістам першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін перад пасяджэннем Рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яго слоў, праграма мерапрыемстваў да 80-годдзя Перамогі будзе даволі насычаная. "Будуць у тым ліку традыцыйныя мерапрыемствы, якія мы праводзім кожны год. Зразумела, юбілейны статус прадугледжвае нейкі новы маштаб. Цяпер мы знаходзімся ў актыўным пошуку цікавых рэжысёрскіх ідэй, якія дазволяць гэтыя мерапрыемствы правесці на высокім арганізацыйным і якасным узроўні. Плюс сёння на пасяджэнні аргкамітэта мы абмяркоўваем дадатковыя мерапрыемствы, якія раней не рабілі", - сказаў Дзмітрый Шляхцін.

У прыватнасці, знакавым мерапрыемствам стане выстава, прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, на базе Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. "Яна будзе даволі вялікая. Цяпер мы адпрацоўваем пытанні па плошчах, таму што паралельна ў цэнтры будуць праходзіць і іншыя выставачныя мерапрыемствы. Гэта выстава дазволіць нам паказаць прадметы, звязаныя з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, якія або вельмі даўно не экспанаваліся, або не экспанаваліся зусім. Там прадставяць свае экспанаты Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны гістарычны музей, мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой" і рэгіянальныя музеі. Усю гэту прадметную базу мы цяпер адпрацоўваем. У прыватнасці, спадзяёмся, што нам удасца даволі шырока і якасна паказаць тэму генацыду беларускага народа", - адзначыў першы намеснік міністра.

Вельмі цікавая тэма, якой плануецца ўдзяліць увагу на выставе, - побыт беларускіх партызан. "У іх была арганізаваная сістэма. Думаю, што многія, можа, нават і не здагадваліся, што ў партызанскіх атрадах і месцах іх дыслакацыі была электрычнасць, таму што яна была патрэбна. Ёсць рацыя, ёсць акумулятарная батарэя, іх трэба перыядычна подзараджаць. З іншых цікавых дэталей - партызанскае алюмініевае ліццё. А таксама партызанская медыцына, якая на асобных этапах па паказчыках вяртання ў строй байцоў нават часам пераўзыходзіла франтавую медыцыну. Гэта таксама даволі важны момант", - звярнуў увагу Дзмітрый Шляхцін.

Першы намеснік міністра падкрэсліў, што асноўная задача - яшчэ раз паказаць усім тую ролю, якую адыграў беларускі народ у справе Вялікай Перамогі, а таксама тое, як Беларусь на сучасным этапе захоўвае гістарычную праўду. "Цэнтральныя мерапрыемствы пройдуць у Мінску, але праграма мерапрыемстваў па лініі Міністэрства культуры даволі шырокая і ахоплівае ўсю краіну. У Мінску будзе ўрачысты сход, прысвечаны 80-годдзю Перамогі, ваенны парад, ускладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі. Гэтыя традыцыйныя мерапрыемствы пройдуць з юбілейным размахам", - сказаў на заканчэнне ён.-0-
Мінскі міжнародны выставачны цэнтр
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі