Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 снежня 2021, 13:14

Луцкі: у свеце ідзе бітва за чалавечыя рэсурсы, таму мы павінны змагацца за нашу моладзь

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У свеце ідзе бітва за чалавечыя рэсурсы, таму Беларусь павінна змагацца за сваю моладзь. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі на выязным пасяджэнні калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта па пытаннях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Луцкі падкрэсліў: маладзёжная палітыка - найважнейшая частка ідэалогіі дзяржавы. "Усямерная падтрымка моладзі кіраўніком дзяржавы вызначыла стварэнне разгалінаванай нарматыўнай базы, дзе замацаваны гарантыі і ўмовы станаўлення, развіцця і ўсебаковай рэалізацыі маладых людзей. Гэта прававая аснова з'яўляецца адной з найбольш поўных сярод аналагічных заканадаўстваў краін СНД. У яе рамках дзейнічаюць гарантыі атрымання адукацыі, у сферы сямейных і працоўных адносін, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, падтрымка маладзёжных арганізацый, маладзёжных парламентаў і самакіравання", - сказаў ён.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прывёў даныя сусветных рэйтынгаў маладзёжнага і агульначалавечага развіцця. Так, паводле даных параўнальных міжнародных даследаванняў, апублікаваных у 2020 годзе, Беларусь па індэксе развіцця моладзі займае 51-е месца са 180 краін і ўваходзіць у спіс краін з высокім узроўнем развіцця моладзі, апярэджваючы Казахстан і Расію. Па індэксе прагрэсу моладзі 2021 года Беларусь займае 52-е месца сярод 150 дзяржаў.

"Безумоўна, высокія пазіцыі Беларусі ў гэтых і іншых міжнародных рэйтынгах сведчаць аб дасягненнях нашай краіны ў галіне развіцця чалавечага патэнцыялу ў цэлым і маладзёжнага ўчастка, - адзначыў Ігар Луцкі. - Разам з тым я хацеў бы сказаць, што Беларусь зведвае на сабе ўсе рызыкі і пагрозы, якія нясуць сёння глабальныя працэсы. У свеце разгарнулася жорсткая канкурэнцыя за чалавечыя рэсурсы, тэхналогіі і каштоўнасці. Лічбавая трансфармацыя, спажыванне, індывідуалізм, масавая культура і інфармацыйнае грамадства выпрабоўваюць на трываласць беларускую мадэль грамадскага развіцця, фактычна ламаючы генны код беларускага грамадства, для якога ўласцівы традыцыйныя каштоўнасці, добразычлівасць, працавітасць і імкненне да справядлівага размеркавання выгад. Адсюль і будучыня нашай краіны залежыць ад таго, наколькі мы зможам умацаваць інтэлектуальны, сацыяльны, духоўны патэнцыял моладзі, нашага грамадства. Па сутнасці, ужо сёння мы павінны ў прамым сэнсе слова змагацца за нашу моладзь, за тое, каб маладыя людзі заставаліся на радзіме і свядома працавалі на агульную карысць беларускай дзяржавы і грамадства".

Сярод важных тэндэнцый, якія характарызуюць беларускае грамадства і, у прыватнасці, моладзь, Ігар Луцкі назваў паступальнае старэнне насельніцтва і імкненне моладзі да жыцця ў гарадах. Паводле яго слоў, колькасць грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года за 4 гады зменшылася на 17,4 працэнта. Удзельная вага моладзі ад агульнай колькасці насельніцтва краіны складае 20 працэнтаў (у 2016 годзе - 21 працэнт). "Насельніцтва Беларусі, як і іншых краін Еўропы і СНД, паступова старэе", - канстатаваў ён.

Назіраецца таксама дыферэнцыяцыя чалавечага капіталу моладзі па рэгіёнах і галінах, моладзь імкнецца ў горад. У сельскай мясцовасці пражывае менш за 20 працэнтаў ад агульнай колькасці маладых людзей. Самыя маладзёжныя рэгіёны - сталіца (420 тыс.), Мінская і Гомельская вобласці, менш за ўсё моладзі ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. "Тэндэнцыя выразная: цэнтр прыцягнення - Мінск", - адзначыў Ігар Луцкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі